shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

27.02.2019 19:54

402 просмотра

0 комментариев

У Шуміліне на раённым конкурсе шматдзетных сем’яў перамагла сям’я Быкавых

На мінулым тыдні ў Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў прайшоў раённы этап конкурсу «Мнагадзетная сям’я года», удзел у якім прынялі пяць сямей, дзе выхоўваюцца трое і больш дзяцей. На сцэну выйшлі сем’і Віктара і Наталлі Бурлаковых, Ігара і Святланы Масько, Аляксандра і Анастасіі Быкавых, Мікалая і Кацярыны Мясаедавых з райцэнтра, Прохара і Марыны Панкраценкаў з аграгарадка Слабада.



Пераможцай стала сям’я Быкавых, якая скарыла журы і ўсіх прысутных крэатыўнасцю, сучасным, арыгінальным і неардынарным падыходам да выканання заданняў.

На сцене сямья Бурлаковых.


Хаця, па вялікім рахунку, пераможцамі з поўным правам можна назваць усе сем’і. Гэта падкрэсліла і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава, якая выступіла з вітальным словам. Ужо толькі адзін той факт, што яны згадзіліся прыняць удзел у такім нялёгкім конкурсе, аддалі шмат часу на падрыхтоўку і выйшлі на раённую сцэну, сведчыць пра тое, што мнагадзетныя сем’і ў нас смелыя, ініцыятыўныя, творчыя і таленавітыя. І дзякуючы іх старанням, шчырым і непасрэдным выступленням, гэты конкурс можна назваць самым душэўным – сем’і падарылі прысутным магчымасць і пасмяяцца, і парадавацца, і праслязіцца ад замілавання дзеткамі.

Наогул конкурс уключаў тры конкурсныя заданні. У конкурсе “Радавод” сем’і прадстаўлялі гісторыю свайго роду, сямейныя звычаі і традыцыі. Некаторыя так грунтоўна падышлі да конкурсу, што склалі генеалагічнае дрэва чуць не да восьмага калена. Сем’і пастараліся расказаць пра сябе проста і шчыра, гаварылі пра тое, як важна любіць адзін аднаго, шанаваць сваіх продкаў і сямейныя традыцыі.

Падчас другога конкурснага задання пад назвай “Мая краіна – мая сям’я” ўдзельнікі дэманстравалі сваю жыццёвую пазіцыю, расказвалі пра свае будні і святы, пра дасягненні, поспехі і перамогі. А яны, безумоўна, ёсць. Пра гэта сведчылі і выставы дасягненняў сямей, арганізаваныя ў фае школы мастацтваў. І як прыемна бачыць, што бацькі знаходзяць магчымасць і час усяляк падтрымліваць і дапамагаць развівацца талентам сваіх дзетак. Яны танцуюць, спяваюць, займаюцца спортам і творчасцю.

Сям’я Мясаедавых заваявала прыз сімпатый гледачоў.


А яшчэ разам гатуюць. Свае фірменныя сямейныя стравы яны і прадставілі падчас апошняга кулінарнага конкурсу. Чым здзівілі журы не на жарт – і арыгінальна аформленымі тортамі (нават у чорнай скрыні) і пірагамі, і бульбяной бабкай, і нават вэнджанымі і фаршыраванымі шчупакамі.

Ніхто ў той дзень не застаўся раўнадушным ад непасрэднасці самых маленькіх – Анечкі Бурлаковай, якая ўвесь час трымалася на сцэне, як артыстка, з мікрафонам у руцэ, Сашы Масько, які падчас прэзентацыі кулінарнай стравы нечакана для бацькоў, не па сцэнарыю, выйшаў на сцэну і станцаваў так, што прысутныя забыліся глядзець на экран, бо не маглі адарваць вачэй ад танцора.

Беларускія карані ўзгадала сям’я Панкраценкаў.

А Лізачка Панкраценка трымалася да апошняга, але ж на трэцім конкурсе сон адолеў малую, і яна проста заснула ў матулі на руках. Праўда, не надоўга.

Напрыканцы конкурсу хтосьці з бацькоў прызнаўся, што вельмі задаволены тым, што давялося ўдзельнічаць у падобным конкурсе. І дадаў: гэта стала магчымым толькі дзякуючы таму, што ў іх ёсць дзеці, у іх вялікая і добрая сям’я. І ім ёсць што паказаць і ёсць чым ганарыцца.

Такія мерапрыемствы – лепшая дэманстрацыя сям’і як галоўнай каштоўнасці, а для саміх сямей магчымасць забыць пра будні і клопаты, паспрабаваць сябе ў новай ролі, прадэманстраваць свае таленты і правесці час разам.

Усе ўдзельнікі былі адзначаны дыпломамі і падарункамі. Так, прыз сімпатый гледачоў атрымала сям’я Мясаедавых.

Сям’я Масько – самая дружная.

Самай дружнай сям’ёй прызналі сям’ю Масько. Дыплом трэцяй ступені прысу-джаны сям’і Бурлаковых, другой – сям’і Панкраценкаў. Перамогу святкавала сям’я Быкавых. Бацькі Аляксандр Пятровіч, Анастасія Юр’еўна і іх дзеці Кірыл, Піліп і Сафія атрымалі галоўны прыз конкурсу – тэлевізар.

А мы ў чарговы раз парадаваліся за тое, што ў нас на Шуміліншчыне багата цікавых і годных мнагадзетных сямей.
Алена КАРПУШЭНКА.

Последние новости