shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

15.04.2019 19:19

369 просмотров

0 комментариев

30 тысяч кветак упрыгожаць сёлета Шуміліна

На гэтым тыдні ўсе 130 скрыняў — а гэта, па падліках майстра УП ЖКГ Веранікі Багданавай, 12-13 тысяч будучых кветак — адправяцца на загартоў-ванне ў полікарбанатныя цяпліцы, што месцяцца каля будынка камунгаса. Пакуль жа расада старанна даглядаецца вопытнымі кветкаводамі ў прыстасаваных памяшканнях.

Таццяна Маслюкова і Вераніка Багданава вырошчваюць расаду кветак для Шуміліна


Кветкі для горада. Сярод фаварытаў – сальвія бліскучая.
Яшчэ некалькі тыдняў – і гэтая расада парадуе вока шумілінцаў і гасцей горада сваімі непаўторнымі фарбамі і водарам.

Кветкавы сезон распачаўся 5 лютага, калі пасеялі насенне сальвіі, расказала кветкавод Таццяна Маслюкова – кветкам жа 100 дзён расці. Менавіта гэтыя прыгожыя чырвоныя кветкі, падзяліліся сакрэтамі работніцы, стануць галоўным акцэнтам горада. Летась удалося сабраць шмат уласнага насення, якое, між іншым, прадэманстравала выдатную ўсходжасць. Так што дакупіць прыйшлося нямнога. Зараз падрастае прыкладна 3 тысячы 200 штук сальвіі.

У другой палове мая расліны зоймуць пастаяннае месца прапіскі пасля таго, як адцвітуць цюльпаны.

І гэта, канешне, не ўсё. Набіраюцца таксама моцы прыкладна паўтысячы штук сартавой рознакаляровай петуніі, крыху ампельнай і куставой лабеліі, штук 700 лабулярыі, ці алісуму фіялетавага, для бардзюраў, крыху больш гацаніі. Падрастае цынерарыя, яе прыкладна 1 тысяча 700 штук, яна вельмі эфектна выглядае ў спалучэнні з той жа сальвіяй.

А вось першай пойдзе на высадку віёла, яе прыкладна 1800 штук знаходзіцца зараз у парніках. Да 5 мая расада будзе высаджана на клумбы па вуліцах Сіпко, Кароткіна, Суворава.
І наогул, сезон сяўбы не закончыўся. На гэтым тыдні кветкаводы пасеяць насенне аксамітак, львінага зеву, агератуму, цыніі. У канчатковым выніку атрымаецца каля 30 тысяч штук кветак. Усё дзеля прыгажосці роднага Шуміліна!

Што тычыцца афармлення клумбаў, то, па словах В. Багданавай і Т. Маслюковай, сёлета новыя кветнікі будуць разбіты па вуліцы Суворава, там, дзе прапісаліся туі. Зменіцца малюнак і на вуліцы Луначарскага, зноў па той жа прычыне. Займацца высадкай расады кветак па горадзе, а потым даглядаць за ўсёй гэтай прыгажосцю будзе брыгада з васьмі чалавек.

Адным словам, гораду – квітнець!

Алена КАРПУШЭНКА.

http://www.shumilino.by/?p=47545#more-47545

Последние новости