shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

08.07.2019 19:19

154 просмотра

0 комментариев

Жыхары аграгарадка Башні правялі ў гонар свайго возера «Водны фестываль»

Башням пашанцавала: у іх ёсць возера Будавесць з яго пясчанымі берагамі, залівамі і паўвостравамі. Тут можна плаваць на лодцы, купацца ў спякотны дзень, сядзець прытуманенай раніцай з вудай — кажуць, што ў возеры водзяцца шчупак, лешч, акунь, лінь і шмат іншай рыбы.

А возеру Будавець пашанцавала на любоў і клопат людзей, якія жывуць на яго берагах. Вось нядаўна жыхары аграгарадка Башні нават правялі ў гонар свайго возера “Водны фестываль”.
Адна з ідэйных натхняльнікаў і арганізатараў экалагічнага свята настаўніца Башнёўскай школы Марына Аляксеенка расказала, што фестывалю папярэднічала вялікая работа: уборка берагавой тэрыторыі, ачыстка яе ад сухіх і аварыйных дрэў, абсталяванне пляжнай зоны. У гэтую справу ўключыліся многія жыхары Башнёў, прыходзілі цэлымі сем’ямі – Яўсейчыкі, Сафончыкі, Шур, Арловы, Вясна, Міраненкі і іншыя. А Аляксандр Пашкевіч не пашкадаваў уласнай бензапілы і сам папілаваў усе карчэўе.
Працавалі дружна, весела, было горача ва ўсіх сэнсах. І тут возера выручала – запрашала акунуцца, каб з новымі сіламі ўзяцца за работу. Потым Светласельскі сельсавет арганізаваў прывоз машыны пяску, і тут ужо дзеці знайшлі сабе занятак: і гулялі, і раскідвалі пясок, і прытоптвалі яго. Атрымалася такая прыгожая пляжная пляцоўка (“некаторыя называюць “каралеўскі пляж”, – смяецца Марына Аляксеенка).
Але прырода любіць выпрабоўваць чалавека, і літаральна дні за два да намечанага мерапрыемства каля Будавесці разгуляўся сапраўдны ўраган. Вецер правёў сваю рэвізію, пакінуўшы ў набярэжнай зоне паламаныя і пакарабачаныя дрэвы.
І зноў талака, і, галоўнае, кажа Марына Ягораўна, нікога не трэба было прасіць – самі ішлі. Кожны казаў: “Для сябе ж стараемся і для свайго возера”.
І ўрэшце свята – з гасцямі, песнямі і сюрпрызамі. Сюрпрызам для башнёўцаў стаў прыезд самадзейных артыстаў з Віцебска – 42 валанцёры з грамадскай арганізацыі “Залаты ўзрост” даведаліся пра фестываль і прывезлі ў Башні цудоўную канцэртную праграму, прычым, абсалютна бясплатна. На тое яны і валанцёры. Самі яны таксама засталіся задаволеныя: ад сустрэчы з гасціннымі жыхарамі аграгарадка і цудоўнымі краявідамі возера Будавесць, на фоне якога зрабілі не адзін здымак.
З канцэртам “На ўсіх ветразях” завітаў да суседзяў і аздараўленчы лагер “Пунсовы ветразь” з Лескавіч. А мясцовы клуб выйшаў на сцэну з тэатралізаванай пастаноўкай “Як Арцём ваду шукаў”. Нельга не сказаць, што былы кіраўнік узорнага тэатральнага калектыву «Прэм’ера» Ірына Бондарава і загадчыца клуба Людміла Арэхава самі пашылі і звязалі роставыя лялькі і дэкарацыі для спектакля.
Работа фотазоны, інфармацыйнага стэнда грамадскага аб’яднання “Экабум”, выставы кніг, фотаздымкаў, дзіцячых малюнкаў, конкурсная праграма з віктарынай “Вадой не разальеш”…
І гэта яшчэ не ўсё. Работнікі раённага аддзела МНС не прапусцілі такі выпадак і прыехалі ў Башні з акцыяй “З клопатам пра бяспеку малой радзімы”, каб яшчэ і яшчэ раз нагадаць малым і дарослым быць асцярожнымі і абачлівымі на сушы і на вадзе....
Аліна ПЯТРОВА.
Фота з асабістага архіва Марыны АЛЯКСЕЕНКІ.
Чытаць цалкам тут: http://www.shumilino.by/?p=49120

Последние новости