shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

14.08.2019 18:41

208 просмотров

0 комментариев

90-годдзе Обальскага керамічнага завода шырока адсвяткавалі ў Обалі

Сёння Обальскі керамічны завод — не толькі горадаўтваральнае прадпрыемства аднайменнага населенага пункта. Ён, без перабольшання, вызначае развіццё эканомікі рэгіёна ў цэлым.

На сцэне кіраўнікі Обальскага керамічнага завода: былыя – Віталь Старыковіч, Анатоль Бабоўнікаў, Аляксандр Чарнышоў і сённяшні – Павел Манак.

На працягу 90 год пакаленні завадчан змяняліся, пакідаючы нязменнай шчырую адданасць справе. Сёння зразумела, што менавіта Обальскі керамічны, забяспечваючы будаўніцтва шматпавярховага жылля, дзіцячага сада, школы і іншай неабходнай для камфортнага жыцця сваіх працаўнікоў інфраструктуры, сфарміраваў гарадскі пасёлак такім, якім яго любяць абальчане.
І святкавалі 90-гадовы юбілей яны таксама ўсе разам. Ветэраны працы, цяперашнія работнікі, дзеткі, гатовыя змяніць на вытворчасці сваіх бацькоў, сабраліся на традыцыйным месцы гулянняў ля рэчкі Обаль. Словы прызнання, шчырыя віншаванні, добрыя пажаданні, якія гучалі на свяце, без сумнення, натхняць працаўнікоў прадпрыемства-юбіляра да новых перамог і здзяйсненняў.

– Обальскі керамічны завод ва ўсе часы быў вядучым прадпрыемствам Шумілінскага раёна, – адзначыў старшыня райвыканкама Віктар Гутараў. – Як бы ні складвалася эканоміка раёна, асноўныя яе паказчыкі заўсёды былі завязаны на рабоце гэтага выдатнага калектыву. Мы помнім тыя часы, калі несканчоныя чароды машын чакалі сваёй чаргі на загрузку обальскай цэглай, а ўсе плошчы завода былі застаўлены гатовай прадукцыяй.

І ў няпростыя 90-я кіраўніцтва раёна разумела, што калі атрымаецца “выцягнуць” гэта прадпрыемства, значыць, будзе жыць і ўвесь раён.

У нейкі момант стала відавочна, што завод не ў сілах канкурыраваць на рынку, працягваючы працаваць на мазуце. Тады пры падтрымцы аблвыканкама была праведзена мадэрнізацыя, і ОКЗ перайшоў на газ. Блакітнае паліва адкрыла новую эру развіцця завода, упэўнены В. Гутараў. Таксама ён не сумняваецца, што калектыў прадпрыемства справіцца з усімі заданнямі, якія ставіць перад ім сучасны рынак.
Упэўненасць у тым, што прадукцыя прадпрыемства ніколі не страціць сваёй запатрабаванасці, выказаў і першы намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага аб’яднання «Віцебскпрам» Аляксандр Стук.
– Галоўнае – рухацца наперад, асвойваць новыя тэхналогіі, удасканальвацца, каб апераджаць запыты спажыўца, – сказаў А. Стук.

Ён адзначыў, што далёка не ўсім падобным прадпрыемствам удалося справіцца з крызісам, які няўхільна настае праз чвэрць стагоддзя работы. І калі ў ОКЗ гэта атрымалася, то ім па плячы самыя амбіцыйныя задачы.

Рэалізацыя любога праекта мяркуе згуртаваную працу ўсяго калектыву. Вельмі важна, каб кожны адказна працаваў на давераным яму ўчастку. Менавіта з такіх працаўнікоў і складаецца калектыў ОКЗ. Многія ў святочны вечар атрымалі заслужанае прызнанне. Ганаровымі граматамі Шумілінскага райвыканкама былі ўзнагароджаны начальнік механічнага цэха Віктар Цітоў, майстар цэха № 2 Надзея Сядлоўская, начальнік бюро матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Ганна Воранава, вядучы спецыяліст па кадрах Наталля Бужынская. Граматы ДА «Віцебскпрам» атрымалі галоўны інжынер Сяргей Ляўшоў і намеснік начальніка цэха № 2 Алеся Серафімовіч. За сумленную працу на карысць роднага завода граматамі і падзякамі ОКЗ былі адзначаны лепшыя працаўнікі, уручыў якія дырэктар прадпрыемства Павел Манак.

Сённяшнія поспехі наўрад ці былі б магчымыя без самаадданай працы папярэдніх пакаленняў. За 90 гадоў адзін аднаго змянілі 16 дырэктараў, трое з якіх – Анатоль Бабоўнікаў, Аляксандр Чарнышоў і Віталь Старыковіч – раздзялілі свята з калектывам і жыхарамі пасёлка. Былыя дырэктары, а таксама ветэраны працы завода атрымалі памятныя медалі і падарункі.
Асаблівыя словы ўдзячнасці ветэранам, якія аддана рупіліся не толькі на карысць прадпрыемства, але і ўсяго гарадскога пасёлка, выказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава. Ірына Мікалаеўна ўручыла Граматы райсавета ветэранам працы завода Ніне Ліпень, Валянціне Аксёнавай і Івану Мікульчыку.

У Обальскага керамічнага вялікія перспектывы. Гэты факт робіць прывабным для жыцця і сам гарадскі пасёлак. Да таго ж, выступаючы са святочнай сцэны, кіраўнік раёна Віктар Гутараў паабяцаў, што ўжо ў наступным годзе на Обальшчыне пачнецца рэалізацыя спецыяльнай праграмы па пад-трымцы рэгіёнаў, што дазволіць істотна змяніць аб’екты сацыяльнай сферы.

Обальская бібліятэка да юбілею завода падрыхтавала выставу, прадстаўленую ў мясцовым музеі. Зрабіць вечар 9 жніўня па-сапраўднаму святочным дапамаглі работнікі культуры раёна.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.

Последние новости