shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

09.10.2019 19:56

212 просмотров

0 комментариев

Шумным і багатым выдаўся восеньскі кірмаш у Шуміліне (шмат фота)

На Шуміліншчыне, як і па ўсёй краіне пачаўся сезон восеньскіх кірмашоў. У мінулую суботу на цэнтральнай плошчы шумілінцы ад самага ранку наведвалі гандлёвыя рады з гароднінай і зернем, мяса-малочнай прадукцыяй, мёдам і яйкамі, саджанцамі пладовых дрэў і ягадных кустоў, бялізнай, абуткам і будаўнічымі матэрыяламі.

Кожны год запар цэнтральная плошча горпасёлка Шуміліна традыцыйна збірае працаўнікоў раённых сельгасарганізацый, гаспадароў уласных аграсядзіб, прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу, і пераўтвараецца ў гандлёвую пляцоўку, галоўным таварам якой з’яўляецца агародніна і садавіна.


Пачатак кірмашу мясцовыя арганізатары прызначылі на 8 гадзін. Літаральна з першых хвілін найбольш актыўныя шумілінцы і госці райцэнтра ўжо тоўпіліся каля машын.

Таму магчыма, што і не прагадалі. Вельмі хутка — амаль праз гадзіну раскупілі зерне з КУСХП «Ульскі», а ў кузаве самазвала з КУСХП СІроцінскі ўжо да 9 гадзін раніцы засталося толькі палова мяхоў. У імгненне вока разыйшоўся ячмень па 16 рублёў за мяшок. Таксама зернем гандлявалі з гаспадарак «Прыдзвінскі» і «Шумілінскі райаграсэрвіс», з машын якіх можна было набыць авёс па 12 рублёў за мех і пшаніцу па 20 руб.
Праўда, на гэты раз, як і мінулым годзе бульбу куплялі неахвотна, хаця сялянска-фермерская гаспадарка «Крыніца» прадала палову машыны па 30 капеек за кілаграм. Дарэчы цікава, што пазамінулай весенню ў 2017 годзе гэта гаспадарка прапаноўвала бульбу па 35 капеек — на пяць капеек даражэйшую.

Затое сёлета была надзвычай багатая прадукцыя гандляроў з плодагадавальнікаў.

Попытам у шумілінцаў карысталіся саджанцы пладовых дрэў і кустоў мясцовых беларускіх сартоў прыватных прадпрымальнікаў з Лепеля, Томкавіч (Мінская вобласць), Лужасна (Віцебская вобласць) і Самахвалавіч (Мінская вобласць).


Ад разнастайнага выбару літаральна разбягаліся вочы. Прапаноўвалі наступныя сарты ялынь: «Заслаўскае», «Антэй», «Лігол», «Зорка», «Імант», «Ананасавае», «Антонаўка», «Беларускае салодкае», «Мара», «Спартан», «Шампіньён» і інш. Грушы: «Бэрэ», «Духмяная», «Дюшэз», «Мрамарная», «Проста Марыя», «Жнівеньская раса», «Талгарская прыгажуня», «ЛІстападаўская».



Цэны прымальныя, саджанцы яблынькі прадаваліся па 10-12 рублёў, грушы — 12 руб., слівы — 12 руб., алыча — 12 руб., чарэшня — 15 руб., персік — 15 руб., вішня — 15 руб.. агрэст — 6 руб., вінаград 12 руб., маліна — 3-5 руб., баярышнік — 10 руб., парэчкі чорныя — 5 руб.

А вось чамусьці «Лужаснянская выпрабавальная станцыя» саджанцаў не прывезла, толькі яблыкі свежыя па аднаму рублю за кілаграм і грушы па два рублі.

Як заўсёды, гандлёвыя арганізацыі з Віцебска і Полацка: «Унітарнае прадпрыемства «Полацкі рынак г. Віцебска», ААТ «Рудакова», ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» — бойка прадавалі капусту, моркву, цыбулю, буракі, часнок, ягады, яблыкі, мёд, мяса, рыбу і яйкі.

Цэны былі больш-менш дэмакратычныя. Яблыкі — ад 1, 09 да 1,8 рублёў за адзін кілаграм , журавіны — 4,39 руб, агуркі свежыя — ад 1,3 да 2 руб,, памідоры ад 1,3 да 1,87 руб і 2,5 руб., капуста 0,6 руб, буракі — 0,62 руб,. грэцкія арэхі па 8 рублёў. Былі і памідоры зялёныя па 50 капеек. З рыбы прапаноўваўся карп па 4, 2 руб, салёны селядец 4,5 руб. , лінь — 3,9 руб., івасі ( св. марожаныя ) - 3,5 руб., скумбрыя — 5, 9, мінтай — 5, 4, путассу — 2, 9, гарбуша — 6,9. Курыныя яйкі былі ад 1,1 да 1,83 руб.за десятак, паўлітровы слоік мёду па 7 рублёў. Зрэшты, сярод наведвальнікаў кірмашу было і нямала людзей, якія выгадавалі ў дастатку гародніны і садавіны на сваіх прысядзібных участках па даступнай цане . Адзін гандляр з Сіроціна прадаваў зімовую капусту галандскага гатунку па 55 капеек за кг, а вялікі мех каштаваў 18 рублёў.


Гарадоцкія, наваполацкія і віцебскія гандляры прывезлі ў гэты дзень шумілінцам цёплыя курткі, вязаныя шапкі і шалікі, рукавіцы і шкарпэткі. Было шмат абутку: ад гумовых ботаў да зімовых чаравікаў.



Традыцыйна на галоўнай вуліцы размесціліся падворкі устаноў аддзела адукацыі і сельсаветаў.

Упрыгожаны кляновымі лістамі., падворкі сустракалі пакупнікоў казачнымі героямі (артыстамі былі работнікі дзіцячага сада № 1). Вырабы народных майстроў на выставах-продажах прапаноўваў Дом рамёстваў. Тут таксама хапала гародніны і выпечкі.


Шумілінскі лясгас прапаноўваў саджанцы дэкаратыўных дрэў, мёд, дошкі, шчыты агароджы, мётлы. Да прыкладу, саджанцы туі каштавалі па 6, 50 руб, 1 літр мёду — 17 рублёў.

Аматар жывёлагадоўлі з Дабеі прадаваў трусоў па 20 рублёў за галаву.



Адразу разабралі дровы ў работнікаў камунгасу: два прычэпы па 175 рублёў (па 5 м. куб). Тут былі яшчэ і дровы па 4 метры 6,8 кубоў (225 рублёў) і колатыя 4 кубоў — 225 руб. З машыны УП ЖКГ куплялі вагонку 4 м па 5, 0 за адну шт., чаранкі — 1, 5м. па 2, 5 за шт, венікі банныя 2,8 руб за шт.

Тыя, хто прагаладаўся, завіталі да прылаўка ад міні-кафэ " У Алёны" прадпрымальніка Васіля Мацуганава з аграрадка Мікіціха. З надвор’ем у гэты дзень не пашанцавала — дзень выдаўся пахмурны і халодны, а духмяная поліўка сагравала .

Тут можна было падсілкавацца піражкамі і шашлыкамі.
А заадно і набыць свініну ад 2, 6 руб да 12 руб., кілбасу вясковую па 8 руб, галубцы па хатняму 5, 49, перац фаршыраваны — 5, 49, фарш — 8,15.

Шмат было і восеньскай кветкі, якая не перастае нас радаваць яркімі колерамі ў пахмурныя шэрыя дні.

Шумілінцы прыглядаліся, прыцэньваліся, бо без гэтага на кірмашы ніяк, бо цэны тут сапраўды былі розныя. А затым свае валізы, мяхі і торбы падвозілі ды развозілі на машынах, веласіпедах, цягнулі ў руках і на плячах — наколькі дазвалялі магчымасці кашалькоў і фізічных сіл.


Некаторыя нават зрабілі па дзве ходкі. Пасля чаго было болей часу вольна пахадзіць па плошчы і вуліцы, дзе на працягу работы кірмашу не змаўкалі песні ды прыпеўкі на імправізаванай канцэртнай пляцоўцы: заклікалі весяліцца самадзейныя артысты. Як вядома, раённы восеньскі кірмаш — гэта не толькі падстава закупіць прадукты на зімоўку, набыць прамысловыя тавары, але і сустрэць там знаёмых, павесяліцца ля канцэртнай пляцоўкі, адчуць святочную атмасферу і пах восені.



Трэба зазначыць, што сельспрадукцыі сёлета было ў дастатку, прадавалася яна цывілізавана, у большасці выпадкаў — ужо затараная. І самае галоўнае — хапіла ўсім жадаючым.

Тэкст і фота Алеся Шумскага.

Последние новости