shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

07.11.2019 18:57

177 просмотров

0 комментариев

75 год з дня заснавання адзначыў Шумілінскі яслі-сад № 1

75 год з дня заснавання адзначыла ў пачатку лістапада адна са старэйшых і найбуйнейшых дашкольных устаноў раёна — Шумілінскі яслі-сад № 1. Раздзяліць радасць падзеі, выказаць сваю любоў і прызнанне ўстанове і калектыву завіталі ў мінулую пятніцу прадстаўнікі ўлады, бацькі выхаванцаў і самі выхаванцы, выпускнікі сада, шэфы, сябры.



Сёння яслі-сад №1 – гэта 120 дзяцей-выхаванцаў, 6 груп, калектыў з 30 чалавек, з іх 14 педагогаў, рэалізацыя вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, аказанне дадатковых адукацыйных паслуг: развіваючыя гурткі “Знайкі”, “Умнейкі”, дзіцячыя фітнесы “Непаседы”, “Алімпіец”, гурток “Юны турыст”, харэаграфічны фальклорны гурток “Крынічка”. А яшчэ – па-сапраўднаму ўлюбёныя ў сваю справу людзі, прафесіяналы, якія ўмеюць стварыць у сценах установы такую атмасферу, каб маленькім было тут па-сямейнаму ўтульна, камфортна і цікава. І каб праз дзесяць год, і праз усё жыццё ў сэрцах выхаванцаў заставаліся самыя цёплыя і душэўныя ўспаміны пра гэты аазіс дабрыні, шчырасці, клопату і цеплыні.

На самым шаноўным месцы – ветэраны ясляў-сада.

Саду – 75 год. Для дашкольнай установы не так і мала. Гэта сталасць, памножаная на вопыт, гэта напрацаваны аўтарытэт, падмацаваны маладым запалам і амбіцыйнымі планамі, гэта шматлікія дасягненні выхаванцаў. Яго гісторыя пісалася не адным пакаленнем выхавальнікаў, памочнікаў выхавальнікаў, повараў і работнікаў, якія сёння ўжо на заслужаным адпачынку, але і зараз адчуваюць сваё непасрэднае дачыненне да дзейнасці садка. Яго гісторыю дастойна і змястоўна працягвае пісаць сённяшні калектыў на чале з Аленай Садохінай.

Юбілей сада атрымаўся па-дамашняму цёплым і душэўным. Непасрэднасць унеслі віншаванні выхаванцаў розных узроставых груп, якія прадэманстравалі ўменне спяваць і танцаваць, расказваць вершы, трымацца на сцэне. Настальгічныя ноткі дадалі выстава рэтра-фотаздымкаў і кліп “Якімі маладымі мы былі!”, прысвечаны ветэранам працы, многіх з якіх, на жаль, ужо няма ў жывых. Свае артыстычныя здольнасці паказалі выхавальнікі ўстановы з песнямі “Каманда маладосці нашай” і “Надвор’е ў доме”, танцавальныя – памочнікі выхавальнікаў.


Не засталіся ў баку бацькі выхаванцаў. Яны прыйшлі на юбілей з віншаваннямі і падарункамі – песняй, кліпам і грашовым сертыфікатам. Сюрпрызы былі таксама і ад выпускнікоў сада. Так, з музычным нумарам завіталі на юбілей Вольга і Марыя Скорынавы, з падарункам, палачкамі для лічэння, – Таццяна Рафальская. Атрымала ўстанова і грашовы падарунак ад ПМК-70.

Ірына Шалахава ўручае Алене Садохінай Падзяку старшыні райвыканкама.

Ну, і афіцыйны момант – уручэнне заслужаных узнагарод. Удалым сплавам мудрасці і маладосці назвала калектыў ясляў-сада намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, віншуючы з юбілеем. Яна адзначыла, што тут граматнае кіраўніцтва, дружны, згуртаваны і творчы калектыў, які працуе з душой. Ірына Іванаўна ад імя ўлады ўручыла Падзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта Алене Садохінай і музычнаму кіраўніку Наталлі Буланавай.

На творчасці, вопыце і энтузіязме педагогаў Алены Сідарэнкі, Алены Красоўскай, Алены Шчарбаковай, Святланы Гаўрылкінай, Наталлі Буланавай і Любові Завадскай трымаецца дзейнасць установы.

Граматы аддзела па адукацыі райвыканкама атрымалі ў гэты дзень выхавальнікі Алена Шчарбакова і Аляксандр Карнілаў, памочнік выхавальніка Ала Каштанава, повар Алена Арэшчанка. Начальнік аддзела Валянціна Мянькова падзялілася яшчэ адной прыемнай навіной – у наступным годзе дашкольную ўстанову чакаюць кардынальныя перамены: выдзелены немалыя сродкі на капрамонт будынка і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Так што прыгожая і дагледжаная ўстанова стане яшчэ больш прывабнай і сучаснай.

І гэта не ўсё. Начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Алена Сідарэнка падарыла саду ад раённага бюджэту сертыфікат на суму 1200 рублёў на матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне. З падарункам і шчырымі віншаваннямі завітала на свята і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Раманенка.

Алена Садохіна ад імя калектыва падзякавала за ўвагу, падарункі і віншаванні ўсім прысутным і запэўніла, што калектыў будзе і надалей рабіць усё магчымае, каб трымаць марку сада №1 у раёне, быць сапраўды ва ўсім першымі.

Фінальным акордам свята стаў імянінны торт, якім пачаставалі ўсіх прысутных.

Алена КАРПУШЭНКА.


Крыху з гісторыі.
За сваю немалую гісторыю існавання дзіцячай установе давялося змяніць не адно месца прапіскі: месціўся яслі-сад і ў будынках былой школы мастацтваў, і былой статыстыкі на вуліцы Луначарскага, каля чыгункі, пакуль 50 год таму не перабраўся ў двухпавярховы тыповы на той час для дашкольных устаноў будынак.

Першай загадчыцай дзіцячай установы была Дунке Вікторыя Генрыхаўна, яе змяніла Ляўша Лідзія Пятроўна. З 1978 па 1983 год узначальвала ўстанову Шыпунова Валянціна Мікалаеўна, пасля на яе месца прыйшла Антаноўская Любоў Сяргееўна. З 2007 года і да сённяшняга часу загадчыцай дзіцячага сада з’яўляецца Садохіна Алена Міхайлаўна.

Последние новости