shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

22.11.2019 18:26

811 просмотров

0 комментариев

Былому кіраўніку Шумілінскага раёна, якога абвінавачваюць у карупцыі, выставілі рахунак амаль на 140 тысяч долараў

У Віцебскім абласным судзе працягваюцца слуханьні крымінальнай справы ў дачыненьні былога кіраўніка Шумілінскага раёну Аляксандра Снарава.

Ён абвінавачваецца ў атрыманьні хабару, службовым падлогу, злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі – агулам па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу (арт.242, ч.3 арт.424, ч.3 арт. 426, ч.2 арт.427, ч.2 арт. 430).

Аляксандр Снараў

Справу разглядае судзьдзя Тацяна Дашкевіч.

Былога старшыню Шумілінскага райвыканкаму абвінавачваюць ва ўхіленьні ад пагашэньня крэдыторскай запазычанасьці, у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і іх перавышэньні, у службовым падлогу з мэтай скажэньня справаздачнасьці і ў атрыманьні хабару паўторна альбо ў буйным памеры.

Аляксандар Снараў ня ўтрымліваецца пад вартай. У якасьці меры стрыманьня да яго ўжытая падпіска аб нявыезьдзе.

Паводле матэрыялаў справы, ён злоўжыў уладай і перавысіў службовыя паўнамоцтвы, будучы старшынём райвыканкаму. А ўхіленьне ад пагашэньня крэдыту, службовы падлог і атрыманьне хабару ўчыніў на папярэднім месцы працы, калі займаў пасаду дырэктара прадпрыемства «Крынкі» Лёзьненскага раёну.

«Не было чым заняцца…»

19 лістапада суд дасьледаваў эпізоды, якія здарыліся ў лістападзе 2017 году і паводле якіх Снарава абвінавацілі ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

Паводле сьледзтва, былы кіраўнік раёну неаднаразова аддаваў незаконныя загады дырэктару Шумілінскага ПМК-70 наконт аказаньня транспартных паслугаў з аплатай па заніжаных коштах ці на бязвыплатнай аснове.

На паседжаньні заслухалі паказаньні сьведкаў – выканаўцы (на той момант) абавязкаў дырэктара Шумілінскай ЖКГ і асабістага кіроўцы старшыні райвыканкаму, а таксама агучылі пісьмовыя паказаньні кіроўцы ПМК-70.

Былы асабісты кіроўца Снарава прызнаўся, што ў ягоныя абавязкі не ўваходзіла суправаджэньне і выгрузка грузу. Але сказаў, што яму «было ня сорамна» і што ён не «крыўдуе на свайго кіраўніка», бо начальнік езьдзіў на службовым аўто самастойна, а яму, кіроўцу, «не было чым у тыя дні заняцца».

Снараў ня лічыць сябе вінаватым

Паводле пісьмовых паказаньняў кіроўцы ПМК-70, які 3 і 15 лістапада перавозіў для Снарава дошкі ды іншыя піламатэрыялы ў Лёзна, ён атрымліваў ад дыспэтчаркі ПМК пуцявыя лісты, у якіх указаныя маршруты не супадалі з рэальным рухам яго машыны ў тыя дні.

Гэтак, 3 лістапада кілямэтраж аўтамабіля склаў 383 км, 15 лістапада – 215 км. У пуцявым лісьце кіроўца ўказаў рэальны маршрут руху з Шуміліна да Лёзна, але дыспэтчарка прымусіла перапісаць пуцявыя лісты, падагнаўшы агульны прабег да 97 кілямэтраў, якія і аплаціў Снараў.

Снараў заявіў, што ня лічыць сябе вінаватым па эпізодах 3 і 15 лістапада.

Шумілінскі райвыканкам таксама патрабуе кампэнсацыі

Суд далучыў да справы пазоўную заяву ПМК-70 аб спагнаньні матэрыяльнай шкоды, прычыненай Снаравым, на суму 153 рублі 66 капеек. Судзьдзя запытала абвінавачанага, ці мае ён намер на дадзеным этапе судовага разбору кампэнсаваць выдаткі ПМК. Снараў адказаў адмоўна.

Таксама была далучаная да матэрыялаў справы пазоўную заяву КУП «Крынкі» аб спагнаньні з абвінавачанага нанесенай ім шкоды ў памеры 277 186 рублёў, палова гэтай сумы мусіць быць выплачаная дзяржаве.

Цікава, што і Шумілінскі райвыканкам, якім Снараў кіраваў ад сьнежня 2015 году да лістапада 2018-га, просіць спагнаць з падсуднага кампэнсацыю шкоды ў памеры 4724 рублі 55 капеек.

Аляксандра Снарава ў лістападзе 2018 году замяніў на пасадзе старшыні Шумілінскага райвыканкаму Алег Быкаў, але і ён пратрымаўся нядоўга. Ад 29 ліпеня 2019 году Шумілінскім раёнам кіруе Віктар Гутараў. Супадзеньне ці не, але ў той жа дзень пачаўся судовы працэс над Снаравым.

Суд працягнецца 26 лістапада.

С. Горкі

https://vitebskspring.org/news/sud/item/3415-na-nachalnika-ne-kryuduyu

Последние новости