shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

11.01.2020 19:29

310 просмотров

0 комментариев

Павел Севярынец: У маёй камеры перад гэтым трымалі бяздомных з вошамі...

Тых жа пратэстоўцаў, якія ўжо адбылі пакаранне за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях, ізноў кінулі за краты. Актыўных караюць штрафамі, а самых актыўных — і штрафамі, і соднямі ў ізалятары.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Палітык Павел Севярынец не бачыў жонкі і сына 15 дзён. За акцыю дзеля абароны незалежнасці Беларусі 7 снежня яго пакаралі арыштам.

«У маёй 14-й камеры некалькі дзён перад гэтым утрымлівалі бяздомных. Ясна, што бяздомныя з вошамі. [...] Не давалі пісьменніку Севярынцу асадкі. Тры асадкі ў мяне забралі пры даглядзе асабістых рэчаў. [...] Ну і нарэшце ў апошнія двое содняў нам падкінулі чалавека з белай гарачкай. У яго былі розныя фантазіі, ён калабродзіў удзень і ўначы, і фактычна двое содняў мы не спалі», — распавядае пра сваё знаходжанне на Акрэсціна Павал Севярынец.

«Гэта сумна, канечне. Дзень народзінаў, Раство, Новы год — усё прайшло там, у чаканні. Адзіная радасць, што заўтра ў нас гадавіна шлюбу. Спадзяюся, мы пабудзем разам хоць адзін дзень», — кажа яго жонка Вольга.

Аднак усяго праз 5 гадзінаў пасля вызвалення суд Савецкага раёну Менску выдаў новы вердыкт: яшчэ 30 дзён арышту і 2625 рублёў штрафу за акцыі 20 і 21 снежня.

Арышт за абарону незалежнасці атрымаў і Дзмітрый Казлоў — аршанскі блогер, вядомы пад псеўданімам Шэры Кот. Сябры з Воршы ды Менску прыехалі сустракаць яго пасля 15-дзённага арышту. Аднак з брамы аршанскага ізалятару часовага ўтрымання Дзмітрый так і не выйшаў. Пра лёс блогера сябры даведаліся толькі пасля таго, як падалі заяву аб ягоным знікненні. Адрэагаваў міліцыянт у цывільным.

«Паглядзеў маю заяву, сказаў, што Дзмітрый Казлоў знаходзіцца ў іх, што ён адбывае адміністратыўны арышт паводле іншай пастановы», — распавядае грамадскі актывіст Максім Вінярскі.

Агулам 30 дзён за кратамі правядзе і блогер YouTube-каналу «Страна для жизни» Сяргей Ціханоўскі. 11 студзеня гомельца павінныя былі вызваліць з-пад арышту за ўдзел у пратэсце 21 снежня. Аднак суддзя Аляксандр Мохараў прысудзіў Ціханоўскаму яшчэ 15 содняў.

«Напэўна Лукашэнка з Пуціным ужо дамовіліся, і не патрэбна, каб быў нейкі шум. Пра цану нафты, газу ўжо, напэўна, дамовіліся», — іранізуе блогер.

Міліцыянты абвінавацілі блогера ў тым, што ён выкрыкваў «Жыве Беларусь!» і махаў сцягам, хоць Ціханоўскі ўвесь час вёў жывую трансляцыю.

«Ні штрафу не даюць, нічога! Ты бачыш! Толькі 15 содняў!» — не хавае абурэння прысудам Сяргей.

Удзельнікаў акцыяў дзеля абароны незалежнасці караюць, бо ўлады баяцца грамадзянскай актыўнасці — канстатуе праваабаронца Ігар Казмярчак:

«Гэтыя пратэсты хай сабе і за добрую ідэю, але зусім на тармазах спускаць іх немагчыма. Таму зараз і караюць: тых, хто больш публічны, — соднямі, тых, хто менш публічны, — штрафамі. А штрафы велізарныя», — уражаны праваабаронца.

1530 рублёў штрафу — столькі прысудзілі Алесю Чахольскаму. Ён адзін з нямногіх грамадскіх актывістаў, якога пасля вызвалення з-пад арышту ўлады не пакаралі паўторна.

«Згодна з артыкулам 356.2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, гэта называецца здрада дзяржаве. Усе гэтыя людзі, якія затрымлівалі, якія складалі пратаколы, якія судзілі, падлягаюць гэтаму крымінальнаму артыкулу, таму што я бараню незалежнасць, а яны дзейнічаюць у інтарэсах чужой краіны — Расейскай Федэрацыі», — перакананы сябра КХП БНФ Алесь Чахольскі.

Мітынгі і шэсці дзеля абароны незалежнасці Беларусі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 снежня. Іх удзельнікі перакананыя: калі план паглыблення інтэграцыі з Крамлём, які так і не быў агучаны, падпішуць, ён прывядзе да паглынання Беларусі Расеяй. За ўдзел у пратэстах штрафамі ды арыштам улады пакаралі больш за 40 чалавек.

Аляксандр Папко belsat.eu

Последние новости