shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

13.01.2020 13:14

442 просмотра

0 комментариев

Забойцу міліцыянта прысудзілі другі пажыццёвы тэрмін. Такое ўпершыню ў гісторыі Беларусі

Упершыню ў Беларусі злачынцу прысудзілі другі пажыццёвы тэрмін. «Уганаравалі» такім чынам 45-гадовага Сяргея Дзёўкша, якога асудзілі за пакушэнне на забойства супрацоўніка міліцыі. Прычым Дзёўкш здзейсніў яго амаль 20 гадоў таму — яшчэ ў 2001 годзе. Сёння злачынца знаходзіцца за кратамі — адбывае пажыццёвае зноў жа за забойства міліцыянта.

Сяргей Дзёўкш — персанаж з багатай крымінальнай біяграфіяй. За забойства траіх ён быў асуджаны яшчэ ў маладосці. СМІ паведамлялі цікавыя факты пра адсідку Дзёўкша. Напрыклад, ён нібыта не баяўся канфліктаваць як з адміністрацыяй калоніі, так і з «блатнымі».

Пісалі, што Дзёўкшу сукамернікі зламалі абедзве рукі за картачнае шулерства.

Калі Дзёўкш выйшаў на волю, прыняўся за старое. У чэрвені 2001 года ён жорстка збіў брата сваёй сяброўкі, з якім выпіваў. Пабіты мужчына памёр. Дзёўкша абвясцілі ў вышук, ён затаіўся. Праз два месяцы міліцыя правярала адну з кватэр па вуліцы Жукоўскага: падазравалі, што жыхары датычныя ці то да распаўсюду наркотыкаў, ці то да фальшывых грошай. Міліцыя не падазравала, што якраз у гэтай кватэры і хаваўся Сяргей Дзёўкш.

Мужчыну папрасілі паказаць дакументы. Ён вырашыў, што міліцыянты прыйшлі па яго душу, замест пашпарта дастаў пісталет і застрэліў старэйшага аперупаўнаважанага Ігара Кашкана, супрацоўніка Камітэта па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Пасля гэтага Дзёўкш здолеў збегчы.

У канцы 2002 года ён неяк здабыў літоўскі пашпарт. Пераклеіўшы фота, Дзёўкш змог выбрацца ў Польшчу. Жыў у Варшаве, працаваў ахоўнікам у дыскаклубе.

Але неўзабаве яго затрымалі польскія праваахоўнікі і перадалі беларусам. У 2004 годзе Дзёўкш быў асуджаны на пажыццёвае зняволенне.

Цяперашні суд пакараў Дзёўкша за адзін са старых эпізодаў — увосень 2001 года злачынцу ў чарговы раз спрабавалі затрымаць, але ён ізноў прымяніў зброю і тры разы стрэліў у міліцыянта. Пацярпелы выжыў.

Незразумела, чаму гэтую справу не разгледалі раней. Але ж у лістападзе 2019 года суд над злачынцам пачаўся. І 13 студзеня 2020 года Дзёўкша ўсё ж пакаралі за старое злачынства. Суддзя Дзіна Кучук агучыла вырак: пажыццёвае.

Улад Швядовіч, фота Надзеі Бужан


https://nn.by/?c=ar&i=244259

Последние новости