shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

13.01.2020 17:57

405 просмотров

0 комментариев

«І нас на тры літары ў судзе яны пасылалі!» Маці забітай настаўніцы з Чэрыкава радая расстрэльнаму прысуду

10 студзеня ў Беларусі вынеслі чарговы смяротны прысуд: за жорсткае забойства настаўніцы Наталлі Кастрыцы ў Чэрыкаве расстраляюць дваіх братоў, 19-гадовага Станіслава Косцева і яго 20-гадовага брата Іллю.

Станіслаў і Ілля Косцевы

«Наша Ніва» апублікавала падрабязнасці гісторыі: аповед маці братоў Косцевых, а таксама іх сястры Ганны. Менавіта прэтэнзіі Наталлі Кастрыцы да Ганны ўскосна і сталі прычынай забойства.

Пасля публікацыі артыкула з Рэдакцыяй звязалася 72-гадовая Вера Пятроўна, мама загінулай настаўніцы. Яе абурылі словы сям’і Косцевых. Жанчына сцвярджае: злачынцы не раскайваліся і ў рэальнасці не прасілі прабачэння.

Настаўніца Наталля Кастрыца, якую забілі браты Косцевы

«Мая дачка-нябожчыца была адказным чалавекам, які не мог прайсці міма нейкай праблемы.

Цяпер тая Ганна расказвае, што нібыта Наталля ўвесь час да яе чаплялася. Але яна не чаплялася, яна бачыла, што гэтая «маці» кідае дзяцей! У 2017 годзе мая дачка не проста так звярнулася да сацыяльных службаў — яна фактычна выратавала аднаго з дзяцей, калі ўбачыла, што тое лазіць па даху вулічнай прыбіральні, лазіць адно, ніхто за ім не глядзіць. Але ж пра гэта Косцевы вам не раскажуць!

Сястра Косцевых кажа, нібыта яе браты выбачаліся ўвесь час. Гэта няпраўда! Так, яны папрасілі прабачэння падчас апошняга слова. Але да гэтага яны зусім не выбачаліся, не!

Яны хіба толькі не танцавалі ў той клетцы, паводзілі сябе як героі! І нас, жанчын у зале, яны вуснамі бязгучна пасылалі на тры літары! Я сама гэта бачыла!

Калі ты ўжо здзейсніў злачынства — то прызнай, то прасі прабачэння, маліся, каб цябе памілавалі. Але ж не — яны маўчалі і проста адмаўляліся ад паказанняў. І іх сястра таксама! — абураецца Вера Пятроўна. —

Вы ведалі, што ў Наталлі Косцевай было пяцёра дзяцей, а не чацвёра? Але адно загінула — яшчэ малымі двое дзяцей наглыталіся таблетак, пасля дактары іх ратавалі. Аднаго хлопца не адкачалі, ён памёр. Другога выратавалі — гэта быў той самы Ілля Косцеў, будучы забойца маёй дачкі.

За апошнія паўтара-два гады да забойства ў гэтага Іллі было 30 правапарушэнняў! 30! Пра гэта Косцевы таксама маўчаць. Плюс праблемы са спіртным там амаль ва ўсіх.

І Іллю чакала лячэнне ад алкагалізму, і сённяшні сужыцель яго сястры на прымусовым лячэнні ад алкагалізму!»

Жанчына таксама ўзгадвае дэталі гісторыі, якія пачула на судзе.

«Мая дачка адамкнула дзверы, і адзін брат яе адразу збіў з ног, а другі пачаў таптаць. Яна вырвалася, але яны дагналі яе на вуліцы, зацягнулі ў хату і працягнулі біць там.

Пасля Ілля загадаў брату прынесці нож — ён вырашыў яе рэзаць, бо дачка ўдарыла яго прасам! У маёй дачкі на руках — 82 удары нажом! На ёй жывога месца няма!

Гэтыя браты не толькі забілі маю дачку — яны знеслі з яе хаты ўсе прадукты. Усё забралі: мяса, цукар, ягады, каву, яйкі, нават воцат! Воцат!

Следчы спытаў у іх: вы ў пальчатках усё рабілі? Не, адказваюць, пасля рукавом проста выціралі адбіткі, — расказвае Вера Пятроўна. — Пасля яны паклалі маю забітую дачку на канапу, падпалілі дом, уключылі газ і проста мылі рукі на вуліцы пад калонкай. А затым вярнуліся ў свой дом, выпілі кавы і спакойна пайшлі спаць».

Раніцай, кажа Вера Пятроўна, хлопцаў забралі ў міліцыю, але пасля адпусцілі. Па словах жанчыны, другі раз у міліцыю пазваніла сястра хлопцаў, тая самая Ганна, калі знайшла ў хляве незразумелы пакет з прадуктамі. Як высветлілася пазней, гэта былі прадукты з дома забітай Наталлі Кастрыцы.

Цяпер ужо Наталлю, дачку жанчыны, не вярнуць. Хутка заб’юць і злачынцаў, Іллю і Станіслава Косцевых. Але ж Вера Пятроўна працягвае перажываць гэтую гісторыю зноў і зноў.

Смяротным прысудам, які атрымалі браты Косцевы, мама забітай настаўніцы задаволеная: «Яны забілі маю дачку ні за што. Ні за што. Суд разабраўся, дзякуй яму».


https://nn.by/?c=ar&i=244285

Последние новости