shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

04.02.2020 19:16

270 просмотров

0 комментариев

«Расейскі цукар маглі завозіць, каб пагасіць страты». Пра якую махлярскую схему з цукрам казаў Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра «цукровую справу», па якой затрымалі дырэктараў усіх чатырох буйных цукровых камбінатаў. Разьбіраемся, што ён меў на ўвазе і ці магчымая такая схема.

4 лютага Аляксандар Лукашэнка раскрыў падрабязнасьці «цукровай справы».

«Такога ў Беларусі яшчэ не было, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. — Што зрабілі гэтыя дзялкі: яны стварылі ў Маскве „пракладку“, гандлёвы дом. Звычайная „пракладка“. Паставілі туды сваіх. З заводаў па стратных цэнах прадавалі гандлёваму дому ў Маскве беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку. Розьніцу хабарамі раздавалі гэтым дырэктарам заводаў».

Лукашэнка дадаў, што яго гэта абурыла. Справа, сьцьвярджае ён, даўно была на кантролі спэцслужбаў.

«Мне далажылі, што за бесцань прадавалі гандлёваму дому гэты цукар, а частка па нейкай там павялічанай цане вярталася ў Беларусь, — сказаў ён. — Можа, цукар нават не вывозілі ў Маскву і назад не завозілі. А дакумэнты ішлі туды, пераафармлялі, і тут проста з заводаў на наш рынак пастаўлялі гэты цукар з маржой. А потым гэтую маржу дзялілі на хабары».

Дагэтуль ні КДБ, ні Сьледчы камітэт афіцыйна не пракамэнтавалі адсутнасьць на працоўных месцах «цукровых кіраўнікоў»:

  • дырэктара Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіла Крыштаповіча,
  • дырэктара Слуцкага цукроварафінаднага камбінату Мікалая Прудніка,
  • дырэктара Жабінкаўскага цукровага заводу Віктара Міронава,
  • дырэктара Скідзельскага цукровага заводу Дзьмітрыя Ягорава,
  • дырэктара Беларускай цукровай кампаніі Дзьмітрыя Кірылава.

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ён асабіста загадаў зьняць дырэктараў цукровых заводаў Мікалая Прудніка і Міхаіла Крыштаповіча з самалёта і зьмясьціць у сьледчы ізалятар.

Што вядома пра «Беларускую цукровую кампанію»?

Гэта кампанія, якую стварылі чатыры буйныя цукровыя камбінаты, каб рэалізоўваць у Расеі цукар беларускай вытворчасьці. Кампанія працуе з 2006 году. Даход кампаніі за 2018 год — 153 мільёны даляраў, але чысты прыбытак — усяго 52 тысячы расейскіх рублёў, або 818 даляраў.

Кіраўнік кампаніі — Дзьмітры Кірылаў. СМІ пішуць, што ён таксама затрыманы, дазваніцца яму ці ягоным намесьнікам Свабода не змагла.

Апроч цукру, кампанія рэалізуе прадукцыю «Камунаркі».

Што за схему апісаў Лукашэнка

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, схема, за якую затрымалі цукровых кіраўнікоў, выглядала так: продаж беларускага цукру ў Расею па заніжаных цэнах, продаж яго там праз кампанію ў Маскве ўжо па высокіх цэнах і пасьля продаж лішку ў Беларусь таксама па высокіх цэнах.

Такая схема выглядае дзіўнай, бо расейскі цукар цяпер таньнейшы за беларускі, гэтага прадукту ў Расеі лішак. Экспарт яго ў Расею падае.

Са студзеня па лістапад 2019 году Беларусь завезла цукру на 31,5 мільёна даляраў. 93% — з Расеі. У параўнаньні з такім жа пэрыядам у 2018 годзе Беларусь завезла цукру на 19 тысяч тон болей. Экспэрты, блізкія да сельскагаспадарчай галіны, у размове са Свабодай кажуць, што «расейскі цукар маглі завозіць сюды і прадаваць, каб пагасіць страты, бо іхні цукар таньнейшы». Тры з чатырох цукровых камбінатаў, кіраўнікоў якіх затрымалі, мелі страты і непагашаныя крэдыты.

Таксама ў Беларусь завозілі расейскую сыравіну для цукру, бо цэны на яе ў Расеі былі ніжэйшыя. Там цэны рэгулюе рынак, а ў Беларусі яны вызначаюцца дзяржавай.


Паводле экс-дарадцы міністра сельскай гаспадаркі, эканаміста Казіміра Раманоўскага, Беларусь проста не аналізавала цукровы рынак.

«Мы ўбухалі грошы ў галіну, хацелі нават яшчэ адзін завод адкрыць, не аналізавалі рынак і чарговым разам праваліліся. Сёньня праблема з вытворчасьцю цукру, летась атрымалі самы высокі ўраджай цукру. Гэта добрае дасягненьне, але на рынку не пашанцавала. Гэта памылка, якую дапусьцілі ў экспартнай стратэгіі», — сказаў Свабодзе Казімір Раманоўскі.

Куды, апроч Расеі, Беларусь прадавала цукар

На экспарт у Расею за 11 месяцаў 2019 году ішло 75% усяго цукру. Астатнія 25% разьмяркоўваліся наступным чынам (у далярах):

  • Казахстан (12,4 мільёна)
  • Украіна (5,1 мільёна)
  • Таджыкістан (3,4 мільёна)
  • Узбэкістан (2,8 мільёна)
  • Літва (416 тысяч)
  • Грузія (412 тысяч)
  • ЗША (25 тысяч)
  • Сэрбія (6 тысяч)

Большасьць экспартнага цукру Беларусь пастаўляла ў Расею ў 2018, 2017 і 2016 гадах. І калі ў 2010 годзе Беларусь зарабляла на экспарце цукру 358 мільёнаў даляраў, то ў 2018 годзе — толькі 182 мільёны.

https://www.svaboda.org/a/30416649.html

Последние новости