shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

21.03.2020 20:23

108 просмотров

0 комментариев

Ураджэнец Шуміліншчыны Сцяпан Буганаў прымаў удзел наступальнай аперацыі «Баграціён»

Напэўна, на Шуміліншчыне няма такой сям’і, чые сваякі не прымалі б удзел у барацьбе з ворагам у час Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, большасці франтавікоў, працаўнікоў тылу, партызан ужо няма разам з намі. Але памяць пра іх жыве ў сэрцах родных. І ў маёй сям’і ёсць такая памяць — пра майго дзядулю па мацярынскай лініі Сцяпана Буганава, франтавіка, добрага мужа і бацьку, працавітага чалавека.

Сцяпан Пятровіч нарадзіўся ў 1906 годзе ў вёсцы Пусташы Клётчынскага сельсавета Ульскага (Сіроцінскага) раёна. Да вайны разам з жонкай Ганнай Мікітаўнай працаваў у мясцовым калгасе на агульных работах. Дзядуля і бабуля выхоўвалі пяць дзяцей: Аляксея, Зою, Лідзію, Марыю і Раісу. Старэйшыя з іх і сёння помняць, як бацька і маці ім расказвалі пра ваеннае ліхалецце: у 1944 годзе мужчын Клётчынскага сельсавета забіралі на фронт, у гэтым спісе быў і Сцяпан Буганаў. Праводзіць мужчын выйшлі сем'ямі.

Мой дзядуля трапіў у 154-ы гвардзейскі стралковы полк 51-й гвардзейскай стралковай дывізіі 1-га Прыбалтыйскага фронту. У маладосці майму роднаму дзядзьку Аляксею цікава было паслухаць аповеды свайго бацькі пра вайну. Але апошні скупіўся на ўспаміны, толькі цяжка ўздыхаў і часцей мяняў тэму. «Калі разам хадзілі ў лес па дровы, — кажа Аляксей Сцяпанавіч. — бацька расказваў мне пра вайну. Гвар­дзейскі стралковы полк, у якім ён служыў, удзельнічаў у наступальнай аперацыі «Баграціён». У перапынках паміж баямі салдаты прайшлі больш за дзвесце кіламетраў, фарсіравалі Заходнюю Дзвіну. Пра гэта бацька расказваў неаднойчы, таму многае засталося ў памяці. Летам 1944 года Полацк нібыта быў раздзелены на дзве часткі чыгуначным мостам, а таксама двума драўлянымі. Адзін драўляны быў узарваны немцамі, большая частка чыгуначнага таксама пашкоджана. Гвардыі генерал маёр Сяргей Чэрнікаў, які камандаваў 154-м гвардзейскім стралковым палком 51-й гвардзейскай стралковай дывізіі, прыняў рашэнне фарсіраваць Заходнюю Дзвіну з дзвюх пазіцый: па паўразбураным чыгуначным мосце і драўляным. І гэта ў савецкіх салдат атрымалася. Яны знішчылі групу немцаў, якая прыкрывала масты, і пераправіліся на супрацьлеглы бок Заходняй Дзвіны. Там завязаўся бой з ворагам, у якім прымаў удзел і мой бацька Сцяпан Буганаў. Яшчэ да фарсіравання ракі з палка было выдзелена некалькі салдат, якія рабілі плыты з паўразбураных дамоў, каб на той бераг пераправіць кулямёты.

У гэтым баі страты нашых салдат былі вялікія. Загінуў і Гаўрыла Буганаў, родны брат майго бацькі.

За ўдзел у фарсіраванні Заходняй Дзвіны многія салдаты атрымалі баявыя ўзнагароды. У верасні 1944 года майму бацьку ўручылі медаль «За адвагу». Дарэчы, за паспяховыя баі 154-му стралковаму палку было прысвоена найменне «Полацкі». Далей полк вызваляў Прыбалтыку. За мужнасць, праяўленую ў баях, гвардыі радавы чырвонаармеец Сцяпан Буганаў у кастрычніку 1944 года быў узнагароджаны ордэнам Славы III ступені.

У адным з баёў дзядуля быў цяжка паранены, лячыўся ў шпі­т­алі і быў камісаваны па стану здароўя. Дадому ў пачатку 1945 года вярнуўся без пальцаў на правай назе, ад чаго і кульгаў да канца жыцця. Пасля вайны дзядулі далі групу інваліднасці. Але ён не сядзеў склаўшы рукі — працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады калгаса імя Мічурына Шумілінскага раёна.

Памёр дзядуля восенню 1963 года, пахаваны на могілках у Пусташах, якія знаходзяцца ля лесу пад назвай Баркі.

«Витьбичи».

Автор: Ларыса ЗАЙЦАВА. Фота з сямейнага архіва.

http://www.vitbichi.by/news/navstrechu_75_letiyu_velikoy_pobedy/post40324.html

Последние новости