shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

22.03.2020 21:03

497 просмотров

0 комментариев

Смерць жанчыны ў Віцебску: публікуем СТЭНАГРАМЫ размоў са сваякамі памерлай і медработнікам

У сувязі з тым, што інфармацыя, апублікаваная ўчора, адносна смерці 58-гадовай жанчыны ў Віцебску, якая была шпіталізаваная з пнеўманіяй, выклікала рэзананс, публікуем стэнаграмы размоў журналістаў, якія правяралі даную інфармацыю, з жыхарамі Віцебска, медыцынскімі работнікамі і сваякамі памерлай.

З улікам выключнасці выпадку стэнаграмы публікуем даслоўна. Маем у распараджэнні аўдыязапісы ўсіх гэтых размоў.

«Наша Ніва» трымаецца выключнай аб’ектыўнасці і стрыманасці ў асвятленні тэмы Covid-19. Стандарты, якіх мы трымаемся, — гэта стандарты якасных еўрапейскіх СМІ. Мы публікуем толькі інфармацыю, пацверджаную шляхам супастаўлення крыніц.

Падчас падрыхтоўкі матэрыялу карэспандэнты «Нашай Нівы» шматразова спрабавалі звязацца з прэс-службай Міністэрства аховы здароўя, але ніхто не адказваў на тэлефонныя званкі і паведамленні ў месенджарах. Прэс-сакратарка ведамства адказала ў прыватныя паведамленні журналісту толькі пасля публікацыі артыкула на сайце.

Галоўны доктар Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы № 1 адказаў на званок карэспандэнта «НН», але папрасіў набраць яго праз пяць хвілін. Пасля гэтага ўсе кантактныя стацыянарныя нумары былі недаступныя (не занятыя, а менавіта недаступныя).

Застаецца пытанне да медыцынскіх структур: чаму тая інфармацыя, якую яны, як сцвярджаюць сваякі нябожчыцы, давялі да іх, яны, магчыма, не давялі да вышэйстаячых органаў?

Стэнаграма 1. Размова з Таццянай, нявесткай памерлай Хузеевай.

Вітаю вас, прашу прабачэння, гэта Таццяна?

Таццяна.

Вы нявестка Таццяны Васільеўны Хузеевай?

Так.

Прыміце спачуванні, калі ласка, у сувязі са смерцю Таццяны Васільеўны...

Дзякуй.

... і дапамажыце, калі ласка. Мяне завуць Уладзіслаў Швядовіч, я журналіст з Мінска, з газеты «Наша Ніва». І нам прыйшлі ананімныя паведамленні ад людзей, што Таццяну шпіталізавалі і рабілі нібыта аналізы на каранавірус, і цяпер там лёгкая паніка. Я хацеў удакладніць, ці праўда гэта альбо не, бо я так зразумеў, што і муж, і сын прысутнічалі на пахаванні. Ці не забіралі іх у бальніцу?

Каго ў бальніцу забіралі? Нікога ў бальніцу не забіралі. У нас яшчэ не выявілі гэта.

Але так, ёсць такое. Знайшлі. Мы не хаваем гэта.

Атрымліваецца, 13-га [сакавіка] што, ёй стала кепска?

Не 13-га, да гэтага. Незадоўга да гэтага ёй стала кепска. Хуткая была падключаная, неаднаразова прычым. І доктар. Але як у нас? У нас як звычайна: усё добра, чакаем тры дні...

Атрымліваецца, у яе былі яшчэ нейкія хранічныя захворванні? А што, калі не сакрэт? Анкалогія, хутчэй за ўсё?

Не, анкалогіі не было. Ціск высокі, цукроўка.

Ясна. І вы кажаце «доктар быў падключаны» — гэта тэрапеўт?

Не, мы выклікалі [ўрача]. Калі тэмпература стаяла, выклікалі, канечне, і тэрапеўта.

А адкуль каранавірус гэты ўзяўся? Яна ездзіла кудысьці? Кантактавала...

Абсалютна нікуды. Вось вы ў краму ходзіце, ручкі там апрацоўваеце нечым?

Так.

Не. Адкуль мы ведаем? Чалавек — пенсіянер, дома сядзеў у прынцыпе пастаянна, нікуды не хадзіў.

І што? Ёй стала кепска, выклікалі доктара, а пасля ўзялі аналіз на каранавірус на ўсякі выпадак? Ці як?

Пнеўманія. У нас не бяруць на ўсякі выпадак, гэтае самае, у нас тады толькі, калі прыспічыць.

Атрымліваецца, ёй было кепска і кепска, прастуду спачатку ставілі?

Ведаеце, давайце вы зарэгіструеце, што факт ёсць. У яе быў, разумееце? Проста мы толькі што з пахавання...

Я разумею. Проста я хачу ўдакладніць, каб не пісаць [абы-што], каб людзі не панікавалі.

Людзі хай панікуюць. Чаму «каб не панікавалі»? Хай панікуюць!

Глядзіце, яна сядзела дома, яе забралі ў бальніцу, калі ўжо стала кепска, правільна я разумею?

Яе забралі на шосты ці пяты дзень. Дзве хуткія перад гэтым прыязджалі. Не маглі нічога ўглядзець. Пачалося запаленне лёгкіх.

І зрабілі аналіз?

Паставілі пнеўманію. Я ж не ведаю, як там што было. Яна здавала аналізы. А пасля ці ўскрыццё паказала, ці гісталогія прыйшла. І нам усё...

І аналіз быў пазітыўным, так?

Так.

Ясна. А зараз вас не правяралі як сям’ю?

Нас усіх правяралі.

У вас усіх адмоўны аналіз?

Мы пакуль не ведаем.

Але вы не на каранціне ніхто?

Усе на каранціне.

А як вас адпусцілі тады на пахаванне? Ці што, ці вы ў бальніцы зараз?

Мы нікуды не ездзілі.

Вы ў бальніцы зараз?

Я вам сказала факт, што гэта — ёсць. У Віцебску я не ведаю, які выпадак [па чарзе], не ведаю, ці зарэгістравалі яны, не зарэгістравалі... Выпадак ёсць, усё. Астатнія ўсе гэтыя моманты, як там, што, чаго... Цяпер каранцін, ніхто нікуды ні гэта самае. Мы ізаляваныя ад грамадства. Але ў нас яшчэ нічога не выяўлена. Бо мы ў кантакце на той момант з хворай, калі гэта ўсё выяўлялася, не былі, разумееце? Ніякіх прыкметаў у нас пакуль няма, нічога няма. Але як выпадак у Віцебску — выпадак у Віцебску ёсць. Усё, вы мяне прабачце.

Апошняе пытанне, прабачце. Факт смерці — гэта ж не смерць ад каранавіруса, вам сказалі?

Ну не, канечне. (Кладзе слухаўку.)

Стэнаграма 2. Размова з суседкай памерлай Таццяны Хузеевай

Падчас першай размовы жанчына не захацела нічога гаварыць. Другая размова:

Вітаю, гэта кватэра **?

Так.

Прашу прабачэння, мы з вамі размаўлялі пэўны час таму. Я пагаварыў з Таццянай, хацеў удакладніць — а яны зараз на каранціне, атрымліваецца? Бо Таццяна коратка адказала... Ці вы не ў курсе?

Званіце ёй. Я нічога вам казаць не буду.

Яна сказала, што яны «ў ізаляцыі» проста. Але дзе ў ізаляцыі? Кажа, што «мы здалі аналізы і нас ізалявалі».

Так.

А куды ізалявалі? У бальніцу ці дома яны?

Дома.

Усё ж дома?

Так.

А на пахаванне яны не хадзілі, атрымліваецца?

Хадзілі.

Хадзілі ўсё ж?

Угу.

Як жа ім дазволілі? Ці вы не ў курсе?

Там закрытая труна была.

Закрытая труна?

Так. І апрацаваная.

А вы не хадзілі?

Не.

А ў вас аналіз не бралі?

Бралі.

Таксама бралі?

Так.

Ва ўсім доме бралі ці толькі ў пад’ездзе?

Без паняцця. Думаю, што не.

Таццяна памерла 18-га?

Так.

А што напісалі ў афіцыйным заключэнні? Якая прычына смерці?

Там штрых-код стаіць, я без паняцця.

Добра тады, дзякуй.

***

Пасля словаў суседкі карэспандэнт яшчэ раз пазваніў нявестцы, каб удакладніць, ці сапраўды нябожчыцу хавалі ў закрытай труне.

Стэнаграма 3. Размова з нявесткай.

Вітаю, прашу прабачэння, гэта яшчэ раз Уладзіслаў, мы з вамі гаварылі пару хвілінаў таму. Я хачу ўдакладніць з вашага дазволу два моманты.

Першы: вы на пахаванні былі толькі сям’ёй? Там не было гасцей, усякага такога, было закрытае пахаванне?

Было ўсё закрыта.

І кажуць, што была закрытая труна, апрацаваная ў бальніцы там ці дзе?

Так.

Гэта праўда таксама?

Угу.

А правяралі астатні дом? Жыхароў, суседзяў?

(Таццяна кладзе слухаўку.)

Стэнаграма 4. Размова з медсястрой з віцебскай паліклінікі.

Вітаю, гэта ****?

Так.

Слухайце, падкажыце, калі ласка, я журналіст з Мінска, з газеты «Наша Ніва». Нам паведамілі, што вы цяпер у бальніцы пасля кантакту з гэтай кабетай, якая памерла 18 сакавіка.

Я не ў бальніцы.

Кажуць, што вы ў інфекцыйным аддзяленні альбо дома на каранціне, там па-рознаму.

Не. А хто вам даў такую інфармацыю?

Напісалі, прыйшло пару паведамленняў, у нас ёсць форма, дзе можна паведамляць ананімна.

Не. Мы здавалі ўсе аналізы. Тэст рабілі нам.

Ён пару дзён выяўляецца ці не? Я магу памыляцца.

Ну так, я не магу даць вам ніякай інфармацыі, я не ведаю, хто вы.

Мяне завуць Уладзіслаў Швядовіч, я журналіст. Мы пісалі сёння пра гэтую кабету. Таццяна Хузеева, якая памерла 18-га. Па словах яе сваякоў, у яе быў знойдзены каранавірус, пазітыўны аналіз.

А вы журналіст адкуль?

Мінск, газета «Наша Ніва». Мы апублікавалі матэрыял пра гэта, і прыйшло паведамленне, што вы медсястра, якая цяпер нібыта...

Нас некалькі медсясцёр. Мы прайшлі тэст на каранавірус. Пакуль чакаем вынік. Усе, хто кантактаваў: медсёстры, малодшы медперсанал — здалі тэст на каранавірус. Чакаем вынік.

А ў самой Хузеевай ён пацвердзіўся ці не?

Нам не даюць такую інфармацыю.

А афіцыйная прычына смерці яе?

Не ведаю, яна ж памерла ў стацыянары. Гэта толькі ў стацыянары могуць быць гэтыя звесткі.

А тыя, хто ў палаце з ёй ляжаў?

Нам такую інфармацыю не даюць, мы ж з паліклінікі, не з бальніцы.

Яна хадзіла на ўколы да вас, значыць, так?

Так, так.

Я проста думаў, што вы сястра з бальніцы.

Не, мы з паліклінікі, яна хадзіла да нас амбулаторна лячыцца.

А вам сказалі зараз на хатнім каранціне пабыць? Ці проста ўзялі тэст і ўсё?

Проста ўзялі тэст і ўсё.

То-бок вы працягваеце хадзіць на працу?

Так.

Акей тады, дзякуй.

Стэнаграма 5. Размова з нявесткай, якая адбылася 21 сакавіка, ужо пасля афіцыйнага паведамлення Мінздароўя пра адмоўны аналіз памерлай.

Вітаю, гэта Уладзіслаў Швядовіч, журналіст, мы ўчора з вамі гаварылі. Такое пытанне: Мінздароўя учора апублікавала афіцыйна, што аналіз памерлай Таццяны быў адмоўным.

Я бачыла.

Дык а навошта тады вы нам сказалі, што ён быў пазітыўным?

Пачакайце. Нам сказалі, разумееце? Нам сказалі медыцынскія супрацоўнікі.

Я не збіраюся высвятляць цяпер з вамі адносіны, што вы апублікавалі фота і прозвішча загінулай без нашага дазволу... Але ў мяне да вас сустрэчнае пытанне: а чаму мы са СМІ даведваемся пра тое, што там адмоўны вынік? Нам таксама гэта вельмі цікава! Мы адмянілі пахаванне, разумееце? Людзі, якія з Мінска, з Гомеля, сваякі — не прыехалі. Не прыехалі, разумееце, развітацца з чалавекам па-чалавечы. Мы гэта ўсё адмянілі.

Я вас разумею. Цяпер праблемы і ў вас, і ў нас.

А якія ў нас праблемы, вы мне скажыце? У нас праблем аніякіх няма. Чалавека ўжо не вярнуць, па-першае. А па-другое, пнеўманія, каранавірус... Яе [Таццяны] няма ўжо, разумееце?

А мы цяпер таксама сядзім на каранціне. Але для чаго нам тады такую інфармацыю даюць медыкі, дактары?

А якія медработнікі вам гэта сказалі? Вы памятаеце, як завуць чалавека?

Я не ведаю, як завуць чалавека, нам гэта смерць як камнем па галаве, разумееце?

Пра пазітыўны аналіз вам хто сказаў? Доктар у бальніцы?

Пазванілі свёкру.

Пазванілі свёкру і сказалі, што пазітыўны аналіз быў?

Так. Хто званіў, што і адкуль — гэтую інфармацыю я не ведаю. У нас ва ўсіх быў шок, разумееце? І пасля гэтага штосьці пытацца, недзе штосьці там... А як? Не давяраць медыкам ці што? Як?

Чалавек, які званіў свёкру, прадставіўся, сказаў, што з бальніцы тэлефануе?

Гэта я вам не скажу. Усе былі ў шоку, у трансе. Мала таго, што пахаванне, а пасля, калі мы яшчэ пра гэта даведваемся, мы гэта ўсё адмяняем...

Свёкар казаў, што была адкрытая труна. Дык так ці не?

Гэта іншае пытанне. Я не буду больш ні на якія пытанні адказваць.

Мяне гэта таксама цікавіць: чаму са СМІ мы даведваемся, што, аказваецца, адмоўныя былі аналізы?! Ну чаму такое можа быць?

То-бок вам персанальна ніхто не паведаміў? Толькі Мінздароўя выкаціла ўчора гэта, правільна?

Мы толькі ўчора са СМІ гэта даведаліся. Учора і сёння вось гэтая шуміха ходзіць вакол нас. Мне таксама гэта вельмі цікава, я проста так гэта пакідаць не буду.

А вы можаце ў свёкра паглядзець, з якога нумару яму званілі, каб сказаць пра аналіз?

Мы, напэўна, проста па-іншаму будзем гэта вырашаць. Не праз журналістаў разбірацца, а праз іншыя органы, больш сур’ёзныя. Мы гэтую сітуацыя таксама так не пакінем. Зараз трохі ад пахавання адыдзем, бо для нас гэта шок, што зараз адбываецца. Разумееце?

Цяпер на нервах усе: і наша сям’я, і ўсе навокал з гэтай інфармацыяй. Мы проста ў шоку.

Проста ваша суседка нам сказала, што ў яе таксама бралі аналіз.

Ва ўсіх бралі аналіз, хто быў з найбліжэйшых. Ва ўсіх, хто меў стасункі, бралі аналізы.

Але трэба даведацца, хто званіў вам і хто гэта паведаміў. Які супрацоўнік? Медык? Не медык?

Я пакуль не магу пад’ехаць, неяк высветліць: мы сядзім на каранціне. Мяне гэта таксама цікавіць, мы будзем з гэтым разбірацца.

Ці можаце вы падказаць тэлефон свёкра?

Не. Майго свёкра пакуль не чапайце.

А яму званілі на мабільны?

Не ведаю пакуль, мы гэта ўсё таксама будзем высвятляць.

P.S. ад Рэдакцыі

І апошняе. Мы публікавалі імя і фота жанчыны, каб матэрыял не быў галаслоўным, каб усе бачылі, што гэта не фэйк, а канкрэтны чалавек. У такой сітуацыі мы лічым гэта апраўданым, бо тэма — выключнай важнасці, гаворка ідзе пра ўратаванне здароўя, а можа быць, і жыцця іншых людзей.
https://nn.by

Последние новости