shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Общество

02.08.2020 17:27

194 просмотра

0 комментариев

«Ісьці супраць людзей — найгоршае, што можа здарыцца». 2 жніўня — 90 гадоў паветрана-дэсантным войскам

2 жніўня адзначаецца 90-годзьдзе паветрана-дэсантных войскаў (ПДВ) і сілаў спэцыяльных апэрацый. За папярэднія месяцы Аляксандар Лукашэнка наведаўся ва ўсе месцы, дзе дысьлякаваная эліта Ўзброеных сілаў Беларусі — у Берасьце, Віцебск, Мар’іну Горку. Ці толькі зь юбілейнымі віншаваньнямі прыяжджаў туды кіраўнік краіны?

Здані галоўнакамандуючага Лукашэнкі

Замахнуўшыся на шосты тэрмін, Лукашэнка адмёў спробы спадабацца электарату, запускаючы ў неба балёнікі, а зрабіў стаўку на сілавы складнік. Праінспэктаваў падразьдзяленьні, якія сталі правапераемнікамі савецкіх паветрана-дэсантных войскаў: 38-ю асобную дэсантна-штурмавую брыгаду ў Берасьці, 103-ю асобную паветрана-дэсантную брыгаду ў Віцебску, 5-ю асобную брыгаду спэцпрызначэньня ў Мар’інай Горцы. Дзеля калекцыі зазірнуў і да спэцназаўцаў унутраных войскаў у менскім Уруччы.

Лукашэнка ў палявой форме галоўнакамандуючага

Некаторыя аналітыкі па гарачых сьлядах зрабілі высновы: такім чынам улады намагаюцца спыніць нават намёк на магчымы разброд у армейскім асяродзьдзі ды заручыцца падтрымкай афіцэрскага кіраўніцтва на выпадак «майданаў». Зрэшты, гэта вынікала і з заяваў самога Лукашэнкі.

«Войны цяпер пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацыяў, потым майданы. Калі сваіх няма (у нас замала „майданутых“), іх падцягнуць з боку. Гаворка аб прафэсійных вайскоўцах, бандытах, якія спэцыяльна рыхтуюцца ў прыватных вайсковых кампаніях па ўсім сьвеце і зарабляюць грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах. Гэта кіраваны хаос», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Найміты «ПВК Вагнэра» ў Сырыі

Ягоныя засьцярогі падтрымаў і дзяржсакратар Савету бясьпекі, былы міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў. Запэўніў, што армія заўсёды напагатове і гатовая выканаць любы загад свайго галоўнакамандуючага. Практычна прадубляваў ягоныя словы: вайна пачынаецца з унутраных канфліктаў, каляровых рэвалюцый і нават можа быць інсьпіраванай звонку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ад удзелу ў разгоне дэманстрацый можна адмовіцца». Гутарка з былым афіцэрам унутраных войскаў

Практычныя сумненьні Воўчака

А ўжо літаральна праз пару дзён спэцслужбы адрапартавалі, што затрымалі пад Менскам больш за тры дзясяткі расейскіх баевікоў з «прыватнай вайсковай кампаніі Вагнэра» («ПВК Вагнэра»). Мабілізацыя сілавога блёку стала відавочнай.

Удзельнік баявых дзеяньняў Алег Воўчак

Зрэшты, «раяль у кустах» выглядае даволі падазрона. Былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак, які ў свой час атрымаў баявы досьвед у Аўганістане, не хавае зьдзіўленьня: ці маглі прафэсіяналы, якіх за вялікія грошы наймаюць для сілавога вырашэньня палітычных канфліктаў у розных краінах, так бяздарна трапіць у пастку беларускіх спэцслужбаў?

«Узьнікае пытаньне: ці гэта беларускія ўлады прыдумалі мудрагелістую схему, ці Расея ўмешваецца ў нашыя ўнутраныя справы? Калі другое, дык падаваць ноту пратэсту, патрабаваць адказу. Няма ўцямных тлумачэньняў, заявы супярэчаць адна адной. Белымі ніткамі шыюць баевікоў да Статкевіча і Ціханоўскага.

Да таго ж, застаецца прэзумпцыя невінаватасьці: трэба яшчэ даказаць, што яны тут са злачыннымі мэтамі, пакуль тое не відавочна. Можа, прыехалі лячыцца? Ці транзытам? Бо неяк ня клеіцца: перасоўваліся кучай, каб іх засьвяцілі? Што насьцярожвае, дык гэта часавы прамежак — тыдзень да выбараў», — кажа Алег Воўчак.

Рашучы настрой Уладзімера Барадача

Уладзімер Барадач — дэсантнік са стажам, ардэнаносец. З адзнакай скончыў Разанскую вышэйшую паветрана-дэсантную вучэльню, на пачатку 1980-х ваяваў у Аўганістане, двойчы быў паранены. Па вяртаньні ў Саюз камандаваў 5-й брыгадай спэцпрызначэньня ў Мар’інай Горцы.

Адзін з ініцыятараў стварэньня «Саюзу афіцэраў Беларусі». Паплечнік экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, працаваў у грамадзкай камісіі, якая займалася расьсьледаваньнем абставінаў зьнікненьня генэрала. Атрымаўшы зьвесткі аб правакацыях супраць сябе, папрасіў палітычнага прытулку ў Нямеччыне, дзе і жыве апошнія 10 гадоў.

Заснавальнікі «Саюзу афіцэраў Беларусі»: Уладзімер Барадач, Юры Захаранка, Валер Костка

«Віншую з 90-годзьдзем ПДВ усіх дэсантнікаў, у тым ліку хлопцаў з 5-й брыгады спэцназу. Чыстага неба, моцнага здароўя, асабістага шчасьця і зь любых вышыняў — у любое пекла, — кажа Барадач. — Што да заяваў. Калі Лукашэнка надумае кінуць армію супраць людзей, тое стане сьмяротнай памылкай, якая пагубіць яго самога. Як у гісторыі з румынскім дыктатарам Чаўшэску.

А Раўкоў? Абсалютна безадказны палітычны жэст. Чыста падхалімскі выкід, які ня мае пад сабой рэальнай асновы. Так многія несумленныя людзі абараняюць статус, які гарантуе бесклапотнае жыцьцё. Ні патрыятызму, ні вернасьці радзіме, народу ці самому Лукашэнку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці можа міліцыянт адмовіцца выконваць загад аб ужываньні зброі

Стратэгія палкоўніка Барадача

Уладзімер Барадач згодны, што «нашэсьце» вагнэраўцаў разьвязвае рукі Лукашэнку. У сваім звароце на YouTube-канале выказаў дапушчэньне: дзеля стварэньня атмасфэры страху ў ход могуць пайсьці правакацыі, якія сьпішуць на наёмнікаў — больш за паўтары сотні нібыта дагэтуль «партызаняць» у беларускіх лясах.

На фоне разгулу каранавірусу межы вакол зачыненыя, адзіны прагал — «саюзная дзяржава». Таму нескладана зрабіць інсцэніроўку: мабільныя групы на машынах з пскоўскімі нумарамі, у пасажыраў расейскія пашпарты і снайпэрскія вінтоўкі, напады на патрульных і экіпажы. Гэта выкліча рэакцыю ў адказ — і панеслася.

Адзінае, што выклікае пытаньні, — тое, што традыцыйна «баевікі» актывізуюцца акурат напярэдадні выбараў. А як электаральны градус згасае, бясьсьледна зьнікаюць. Хоць некаторыя з затрыманых і фігуруюць у сьпісах украінскага «Міратворца», да спэцапэрацыі тыя перасоўваньні не падобныя. Так «майданы» ня робяцца, перакананы Ўладзімер Барадач.

Уладзімер Барадач з старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай

«Унутраных апанэнтаў Лукашэнка даўно не баіцца. Гэта пробны шар для зьнешніх праціўнікаў, перш за ўсё расейцаў, якія пры жаданьні могуць арганізаваць невялікі майдан. Свае на такое проста няздатныя. Бо калі Крэмль не падтрымае яго ці не прызнае выбары, „бацька“ завісьне паміж небам і зямлёй. Таму і робіць званочкі: вораг ня пройдзе, усе пад ружжом. Выкацім пад Смаленск „Палянэзы“ і будзем біць па Маскве. Такія „выкрыцьці“ ўмацоўваюць дух ягонай адміністрацыі, гатовасьць служыць гаспадару. Хоча пераканаць усіх у непарушнасьці сваёй улады. Хоць, выглядае, з „наймітамі“ яўна перастараўся...»

Баявы палкоўнік лічыць, што жарсьці неўзабаве ўлягуцца, «баевікоў» дэпартуюць, і ўладам хопіць розуму не даводзіць сытуацыю да братазабойства. Бо адна справа, калі супраць пратэстоўцаў ідуць дарослыя сілавікі на заробку, і зусім іншае — кідаць 18–20 гадовых хлопцаў, у якіх па той бок барыкадаў могуць быць бацькі, сябры ці каханыя.

Кіраўнікі сілавога блёку. На пярэднім пляне Юры Караеў і Андрэй Раўкоў

«Ня трэба зьвяртаць увагі на розную дэмагогію. Выконваюць загады падпалкоўнікі, маёры, капітаны, салдаты. Яны што, пойдуць супраць сваіх? Тым больш, няма перадрэвалюцыйнай сытуацыі.

Каб арганізаваць майдан, трэба мець партыю, рухальную сілу. Наймітамі не абыдзесься. А нашы палітычныя „сэкты“ працуюць у інтарэсах Лукашэнкі, забясьпечваюць яўку на выбарах. Таму сілавікоў хапае: толькі ў структуры МУС 85 тысяч, 35 тысяч зь іх займаюцца кантролем і сілавымі акцыямі. Цалкам дастаткова, каб здушыць любы неарганізаваны натоўп колькасьцю 20–30 тысяч. А больш і ня выйдзе. Армія дзеля гэтага проста не патрэбная».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У вас ужываюць супраць людзей не паліцэйскую, а ваенную тактыку». Паліцэйскі псыхоляг пра разгоны мітынгаў у Беларусі і Эўропе

Паэтычны дэсант Скоблы

Міхась Скобла ў першы год дэсантнай службы

Паэт, эсэіст, дасьледчык літаратуры Міхась Скобла цягам 1985–87 гадоў служыў у дэсантна-штурмавой брыгадзе на Львоўшчыне — на самай мяжы з Польшчай. Перамены ў Савецкім Саюзе толькі насьпявалі, для лякалізацыі «сувэрэнных бунтаў» армію пачалі выкарыстоўваць пазьней.

Зрэшты, даваў сьмяротную статыстыку Аўганістан. Яшчэ з вучэбкі ў Рукле пад Коўнам, дзе навучалі апэратараў-наводчыкаў БМД, туды перакінулі цэлы ўзвод. Некаторыя сябры неўзабаве вярнуліся «грузам 200», у цынкавых трунах. Той досьвед павінен быў бы стаць урокам наступным пакаленьням. Аднак стратэгам няймецца.

«Гэтыя ваяжы па вайсковых частках, дзе Лукашэнку дэманструюць вадамёты-кулямёты, павінны паказаць электарату адно: кіраўнік краіны па-бацькоўску клапоціцца пра войска, а войска, у сваю чаргу, па-сыноўску абароніць галоўнакамандуючага ў выпадку пагрозы, — кажа Міхась. — Відаць, такое патрэбна дзеля самазаспакаеньня, асабліва на фоне агітацыйных кампаній, калі тысячы людзей выходзяць на пікеты. Але ён павінен разумець: армію лепш не чапаць. Не выводзіць на вуліцы, не здымаць зь месца дысьлякацыі. Яшчэ невядома, як войска сябе павядзе — можа, проста пяройдзе на бок народу, якому і прысягала».

Міхась Скобла са сваёй кнігай «Высьпятак ад Скарыны»

Паводле Міхася Скоблы, афіцэр любога рангу — ад палкоўніка да малодшага лейтэнанта — павінен выразна ўсьведамляць, чым скончыцца супрацьстаяньне зь мірным насельніцтвам. Нават калі ня ў той самы момант, дык пазьней — злачынства бестэрміновае.

«Вайна са сваім народам і, крый Божа, пралітая кроў, — злачынства бяз тэрміну даўнасьці. Яно ляжа ганьбай ня толькі на выканаўцаў, а і на іх дзяцей, унукаў.

Думаю, пакуль ідзе псыхалягічнае запалохваньне — каб людзі не ішлі на плошчу. Такое сабе дзікае паляваньне караля Стаха, калі згадаць аповесьць Уладзімера Караткевіча. Насельнікам маёнтка Балотныя Яліны было вельмі страшна, а потым аказалася, што вершнікі, якія скакалі па дрыгве, — напханыя саломай пудзілы. Вось так і Лукашэнка да самага 9 жніўня будзе размахваць усімі пудзіламі, якія толькі адшукае. На жаль, яны ў яго не саламяныя, трэба прызнаць. Але лепей бы яму не нарывацца».

Салдаты ўнутраных войскаў у Менску

Падчас наведваньня спэцназаўскай часткі 3214 Аляксандру Лукашэнку паказалі мілітары-шоў разгону «пратэстоўцаў» з ужываньнем спэцсродкаў. Кадры з вадамётамі і бульдозэрнымі пазадарожнікамі растыражавалі ўсе афіцыйныя тэлеканалы.

«Я лічу, гэта элемэнт запалохваньня. Канечне, што насамрэч у галаве Лукашэнкі — прадказаць і зразумець цяжка. Але бачым па пікетах, што ніякіх баевікоў няма, выходзяць маладыя людзі. Не ўяўляю, як камандзір палку ці брыгады аддасьць загад прымяняць зброю супраць гэтых хлопцаў і дзяўчат? Але распараджэньне ад галоўнакамандуючага можа паступіць нечаканае. Тым ня менш камандзір вайсковай часткі мае права не выконваць злачынны загад. Людзі ў пагонах прысягалі народу. Ісьці супраць людзей — найгоршае, што можа быць у кар’еры любога вайскоўца», — канстатуе паэт-дэсантнік.

Пазлы ардэнаносца Ляшэнкі

У свой час Аляксандар Лукашэнка спрабаваў рабіць стаўку на дэсантнікаў-аўганцаў — сілу, загартаваную ў экстрэмальных сытуацыях. Не атрымалася: баявыя салдаты і афіцэры аказаліся занадта незалежнымі, такіх узброіць — потым пашкадаваць. Як вынік, «інтэрнацыяналістаў» перасталі прыраўноўваць да вэтэранаў вайны, а ўрэшце пазбавілі льготаў, акрамя праезду ў грамадзкім транспарце. За што ваявалі — пытаньне збольшага рытарычнае.

Лякальная мэмарыялізацыя, Ляхавічы

У розных мэдустановах Алег Ляшэнка праваляўся больш, чым служыў — тры гады зьбіралі па частках пасьля падрыву на фугасе ў цясьніне пад Кабулам. Агулам перанёс два дзясяткі апэрацый, інвалід ІІ групы. Пасьля першага году шпітальнай эпапэі прыйшла навіна аб прысваеньні ордэна Чырвонага Сьцяга. Вышэй ужо Зорка Героя. За тую кампанію ў Беларусі два шарагоўцы сталі яго кавалерамі, жывы зь іх сёньня толькі Алег.

Апошнія 35 гадоў зь цяперашніх 55 ягонае жыцьцё — гэта суцэльная паласа выпрабаваньняў. Каб складзенага з «пазлаў» пацыента не падхапіла спагадлівая Марына, невядома, чым бы ўсё скончылася. 30 гадоў яны разам, выгадавалі дзьвюх дачок. Ня так даўно зьехалі зь Менску пад Ляхавічы. У Альхоўцах пра «інтэрнацыяналіста» забыліся канчаткова.

Марына і Алег Ляшэнкі

Калі дзяржава выправіла на вайну, дык мусіць хоць крыху падзяліць наступствы — ня важна, савецкая ці беларуская, лічыць Алег. Аднак ягоны «аўганскі сындром» даўно нікога не цікавіць. Звыклая карціна існаваньня — працягнуць ад пэнсіі да наступнай.

«Скажу груба, але даходліва: выкарысталі — і выкінулі. Прэзэрватыў — рэч аднаразовая, — абураецца вэтэран. — Салдаты былі расходным матэрыялам, баявой адзінкай. Падбілі „духі“ бээмдэшку — ну і хрэн зь ёй, сьпісалі. Скінулі ў цясьніну, хай згніе. Так і з чалавекам.

Мне яшчэ грэх наракаць: пэнсія плюс надбаўка за кроў, за раненьне. У мінулым месяцы дакінулі 11 рублёў, агулам аж 566. У іншых няма і блізка. Каб мець хоць нешта, трэба быць падстрэленым. Многія хлопцы ў тупіку, асабліва адзінокія. Хворыя, працы няма, пэнсійны ўзрост адсоўваюць. Яшчэ крыху, і пачнуць дохнуць з голаду. Корачка „інтэрнацыяналіста“ — як праязны, больш ніякага толку».

Алег Ляшэнка да раненьня

Увосень 1981-га Алег быў прызваны з украінскага Ільлічоўску (цяпер порт Чарнаморск). Паўгода прайшлі ў «вучэбцы» Лосьвіда блізу Віцебску. 26 красавіка 1982-га прывезьлі на аэрадром Балбасава пад Воршай і загрузілі ў самалёт. Па абедзе наступнага дня выгружаліся ў Кабуле.

Амаль за год у Аўганістане з жыцьцём разьвітваўся неаднаразова, кажа ён. Апошні дзень, зафіксаваны ў памяці, — 9 сакавіка 1983-га. Падчас перадысьлякацыі пад БМД Ляшэнкі спрацаваў фугас. Выкінула разам з маторным адсекам і дэсантным люкам, плюс «злавіў» дзьве кулі. Зь сямі чальцоў экіпажу пяцёх «парвала». Напаўжывымі засталіся тыя, хто апынуўся вонкі — ён ды батальённы зампаліт, якому адсекла ногі.

«Аўганцы» Юры Нікіцін, Віктар Сівохін і Алег Ляшэнка ля помніка БМД у Ляхавічах

Апрытомнеў праз два тыдні ў ташкенцкім шпіталі. Адна рука прастрэленая, на другой целяпаюцца пальцы; нага пераламаная; галава раструшчаная на дзьве паловы; вочны яблык вырваны, у целе асколкі.

Зноў Беларусь. У аддзяленьні нэўрахірургіі вайсковага шпіталя рабілі апэрацыі, нанава вучыўся хадзіць і сядзець, трымаць лыжку і аловак, мыцца і галіцца. Затым тры апэрацыі перасадкі скуры ў аддзяленьні сківічна-тварнай хірургіі 9-й клінікі. У канцы 1985-га ў цэнтры імя Бурдэнкі ў Маскве лобную частку ўмацавалі тытанавай пласьцінай. Глядзець трэба было прывыкаць праз адно вока. Руку бяз локцевага сустава зафіксавалі ў Г-падобным стане. Нагу ламалі і складалі наноў — дагэтуль нагадвае болямі і гнойнымі выдзяленьнямі. Перажыць пакуты Алег здолеў дзякуючы сям’і. У іншых не атрымалася.

«Аўганскія» пахаваньні на Чыжоўскіх могілках у Менску

«У Беларусі на момант вываду нас было пад 30 тысяч. Засталося недзе 20 тысяч. Куды падзеліся астатнія, яшчэ не старыя мужыкі? Многія зьехалі ў Расею ці Ўкраіну. Некаторыя паміралі ад ранаў і хваробаў. А бальшыня проста ня вытрымала псыхалягічна.

За 10 гадоў вайны загінулі каля 800 беларусаў. Страты ў мірны час у разы большыя. Кінутыя, падманутыя, непатрэбныя ўладзе і грамадзтву... Некалькі гадоў хадзіў па Альхоўцах, размаўляў зь людзьмі. Пакуль не прыехалі сябры-дэсантнікі з дабрачынным канцэртам, не падазравалі, што я „аўганец“. Усім пофіг. Нават зьнешнасьць не зацікавіла, каб запытаць, што здарылася».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Нас вучылі разганяць пратэсты». Гісторыя адстаўнога сяржанта, які галасаваў за Лукашэнку, а цяпер агітуе за Ціханоўскую

Цельнік генэрала Маргелава

Гісторыя паветрана-дэсантных войскаў бярэ пачатак за савецкім часам. 2 жніўня 1930 году на вучэньнях пад Варонежам упершыню дэсантавалася на парашутах падразьдзяленьне з 12 чалавек.

Заснавальнік сучасных паветрана-дэсантных войскаў Васіль Маргелаў

З прычыны слабой тэхнічнай базы эфэктыўны, але затратны спосаб закідаць дывэрсантаў у тыл ворага не атрымаў шырокага распаўсюду. Сытуацыя зьмянілася толькі пасьля Другой сусьветнай вайны.

Росквіт паветрана-дэсантных войскаў зьвязваюць з этнічным беларусам Васілём Маргелавым, які прайшоў шлях ад салдата-чырвонаармейца да камандуючага, генэрала арміі. Ён нарадзіўся ў 1908 годзе ў цяперашнім украінскім Дняпры. Бацькі — Піліп і Агаф’я Маркелавы. З прозьвішчам сына наблыталі пазьней, калі афармлялі дарослыя дакумэнты.

Калі Васілю было 5 гадоў, вярнуліся на татаву радзіму ў Касьцюковічы (маці — з-пад Бабруйску). Скончыў царкоўнапрыходзкую школу, працаваў чорнарабочым, экспэдытарам, лесьніком. У 20-гадовым узросьце быў мабілізаваны ў Чырвоную армію і да мірнага жыцьця больш не вяртаўся.

Сьцяг, цельнік, бэрэт — галоўныя атрыбуты дэсантніка

Атрымаў славу аднаго з «бацькоў» паветрана-дэсантных войскаў новага ўзору. Пры ім адным з атрыбутаў марской пяхоты стала цяльняшка. З блакітнымі, а ня чорнымі палоскамі — каб падкрэсьліць прыналежнасьць да неба.

Былі ў біяграфіі генэрала Маргелава і падзеі, якія асобныя народы яму наўрад ці даруюць. У жніўні 1968 году ён кіраваў паветрана-дэсантнымі войскамі пры ўводзе савецкага кантынгенту ў Чэхаславаччыну. За тры дзясяткі гадоў да таго, у верасьні 1939-га, на пасадзе камандзіра 2-га батальёну Менскай стралковай дывізіі ўдзельнічаў у «польскім паходзе» на заходнебеларускія землі. А раней была фінская вайна.

Рэфармаваныя сілы спэцыяльных апэрацый

Іншая старонка мінулай эпохі, але ўжо без Маргелава, — удзел Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі і 334-га асобнага атраду спэцпрызначэньня ў баявых дзеяньнях у Аўганістане. Пачаткам вайны стаў захоп кабульскага палаца тагачаснага кіраўніка Хафізулы Аміна ў канцы сьнежня 1979-га. За час кампаніі сямёра беларусаў былі прадстаўленыя да званьня Героя Савецкага Саюзу, сотні — да ордэнаў і мэдалёў.

Апошнія тры дзясяткі гадоў за межы краіны беларускія дэсантнікі не камандзіраваліся. А ў канцы 1990-х клясычную абрэвіятуру ПДВ у Беларусі скасавалі наогул. Наўзамен зьявіліся «мабільныя сілы». У 2007-м прэзыдэнцкім указам быў утвораны новы род войскаў — сілы спэцыяльных апэрацый, якія былі абвешчаныя правапераемнікамі паветрана-дэсантных войскаў і спэцназу галоўнага разьведупраўленьня СССР.

Мэмарыял зьбітаму ў Аўганістане экіпажу самалёта на Чыжоўскіх могілках у Менску

Сёньня яны разглядаюцца як адно з галоўных зьвёнаў у сыстэме нацыянальнай бясьпекі. Надзвычайная ўвага да іх у пэрыяд абвастрэньня канфрантацыі з палітычнымі апанэнтамі — таму пацьверджаньне.

Нягледзячы на рэбрэндынг, кожны год 2 жніўня мужчыны рознага ўзросту ў цельніках і бэрэтах шумна адзначаюць дзень паветрана-дэсантных войскаў. Хіба толькі «аўганцы» кучкуюцца крыху асобна, згадваючы сваіх мёртвых сяброў — тых, хто загінуў за ідэі дзяржавы, якой больш няма.

https://www.svaboda.org/a/30759329.html

Последние новости