shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Политика

26.11.2019 10:50

197 просмотров

0 комментариев

Зазірнулі ў кішэні дэпутатаў. За што такія заробкі? (відэа)

Сярэдні беларус зарабляе 1000 рублёў, а сярэдні беларускі дэпутат — 1000 долараў. А калі з усімі прэміямі, то і 3000 долараў. Падлічваем, якія яшчэ ільготы маюць дэпутаты?

З больш як пяцісот кандыдатаў – 110 дэпутатаў зусім хутка зоймуць працоўныя месцы ў парламенце. Ева Сапрыгіна балатавалася ад Жодзінскай акругі. Беларусам яна запомнілася сваім яркім выступам на дзяржаўным канале.

Нашай здымачнай групе Ева тлумачыць: ейны імідж – гэта алегорыя таго, як праходзілі выбары і як арганізаваная праца беларускага парламенту.

«Тое заканадаўства, якое мы маем цяпер, яно абсурднае. Тыя законы, якія цяпер прымаюцца, яны бессэнсоўныя. Адзін з самых абсурдных законаў, акрамя агульнавядомых, на мой погляд, – гэта смяротнае пакаранне», – кажа Ева Сапрыгіна, якая удзельнічала ў парламенцкіх выбарах.

Ева кажа, што збіралася ў парламент не дзеля вялікага заробку. А для таго, каб змяніць беларускае заканадаўства.

«Ад 1000 даляраў да 2000 яны зарабляюць. З аднаго боку, мне іх шкада, таму што ствараецца ўражанне, што яны асабліва нічога не вырашаюць. Яны як марыянеткі, якія выконваюць загады», – дзеліцца сваім меркаваннем Ева Сапрыгіна.

Падчас цяперашніх дэпутацкіх выбараў можна было даведацца, якія даходы задэкларавалі папярэднія дэпутаты, што вырашылі паўторна вылучацца ў парламент. Гэтая інфармацыя была апублікаваная ў адкрытых крыніцах.

Да прыкладу, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка за 2018 год задэклараваў даход большы за 72 000 рублёў – гэта амаль 6000 рублёў на месяц. Даход дэпутата Леаніда Пісаніка склаў каля 3800 рублёў на месяц. Дэпутат Анатоль Дашко зарабляў больш за 3200 рублёў на месяц.

Заробкі ў парламенце не ва ўсіх аднолькавыя і залежаць ад таго, якія пытанні курыруе дэпутат.

«Заробак вагаецца: у нейкія месяцы можа быць прэмія, можа быць троху меншая прэмія. А так на рукі атрымліваецца ці 2200, ці 2100, ці 2300», – кажа былая дэпутатка Алена Анісім.

Акрамя добрых заробкаў дэпутаты маюць прывілеі. Ім даецца арэнднае жытло па-за чаргой. Яны могуць карыстацца службовым транспартам. Дэпутаты маюць права лячыцца ў Рэспубліканскім клінічным медычным цэнтры кіраўніка справамі прэзідэнта. Па дасягненні пенсійнага веку былыя дэпутаты атрымліваюць прыбаўку да асноўнай пенсіі памерам 70 % ад актуальнага заробку дэпутатаў.

Сёлета на адно дэпутацкае месца прэтэндавалі пяць чалавек. Будзем спадзявацца, што новых дэпутатаў прыцягнулі ў парламент не толькі добрыя заробкі і льготы, але і магчымасць на заканадаўчым узроўні станоўча паўплываць на сітуацыю ў Беларусі.

https://belsat.eu/programs/zazirnuli-u-kisheni-deputatau-za-shto-takiya-zarobki/

Последние новости