shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Политика

01.02.2020 15:48

416 просмотров

0 комментариев

Пампэо: ЗША хочуць дапамагчы Беларусі пабудаваць сувэрэнную краіну, гатовыя паставіць 100% нафты

Пра гэта падчас прэс-канфэрэнцыі ў менскім Палацы Незалежнасьці заявіў дзяржсакратар ЗША Майкл Пампэо, перадае карэспандэнт Радыё Свабода.


Майк Пампэо і Аляксандар Лукашэнка, Менск 1 лютага 2020

Пампэо нагадаў, што ЗША былі адной зь першых краінаў, якія прызналі незалежнасьць Беларусі ў 1991 і па-ранейшаму застаюцца адданымі гэтым прынцыпам і абавязальніцтвам.

«Спадзяюся, гэта [візыт] першы салідны крок у накірунку больш блізкіх адносінаў і сувязяў», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Макей: Мы б прывіталі больш актыўную ролю ЗША ў Беларусі

«ЗША хоча дапамагчы Беларусі пабудаваць сувэрэнную краіну. Нашы вытворцы энэргетыкі гатовыя паставіць 100% нафты, якая вам патрэбная па канкурэнтных цэнах. Мы найбуйнейшы ў сьвеце выробнік нафты і ўсё, што вам трэба зрабіць — гэта сказаць», — сказаў ён.

Пампэо сказаў, што пагаварыў з Лукашэнкам пра неабходнасьць стварыць больш простыя ўмовы для прыходу на беларускі рынак амэрыканскіх бізнэсаў, адзначыў важнасьць далучэньня Беларусі да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, разьвіцьцё прыватнага сэктару і прававыя рэформы, якія «дапамогуць Беларусь рэалізаваць гандлёвы патэнцыял і ўзмацніцьсувэрэнітэт».

Ён таксама адзначыў пра прагрэс у пытаньнях дэмакратызацыі.

«Беларусь зрабіла рэальны прагрэс у пытаньнях дэмакратызацыі і правоў чалавека, але яшчэ застаецца праца, якую неабходна зрабіць. ЗША вызначае прыярытэтам павагу да правоў чалавека, моцную грамадзянскую супольнасьць і свабоду прэсы ў кожным кутку сьвету. Прагрэс у гэтых сфэрах — адзіны шлях да зьняцьця амэрыканскіх санкцый».

Дзяржсакратар ЗША адзначыў важнасьць супрацы спэцслужбаў дзьвюх краінаў ў пытаньнях памежнай бясьпекі, кібэрбясьпекі і наркатрафіку.

Ён адзначыў прагрэс у Беларусі ў пытаньнях рэлігійных свабодаў і падзякаваў афіцыйнаму Меснку за высілкіў змаганьні з антысэмітызмам, а таксама ў арганізацыі адзначэньня сусьветнага Дня памяці ахвяраў Галакосту і 75-ю гадавіну зьнішчэньня нацыстамі Менскага гета.

Аляксандар Лукашэнка вітае Майка Пампэо

Раней пад час размовы з Аляксандрам Лукашэнкам Майкл Пампэо паведаміў, што ЗША ў бліжэйшы час прызначаць амбасадара ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пампэо: ЗША ў бліжэйшы час прызначаць амбасадара ў Беларусі

Беларусь выслала амбасадара ЗША ў 2008 годзе, пасьля таго як Вашынгтон наклаў на яе санкцыі за парушэньні правоў чалавека. З таго часу амбасада ЗША працуе ў Беларусі ў скарочаным складзе. Дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.

Пры гэтым Пампэо заявіў, што для ЗША важнае пытаньне правоў чалавека ў Беларусі і яны занепакоеныя іх станам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка — Пампэо: «У нас дыктатура ў тым, што ўсе адпачываюць, а прэзыдэнт працуе»

Другі ў гісторыі візыт дзяржсакратара ЗША ў Беларусь

Пампэо наведвае Беларусь у рамках эўрапейскага турнэ. Перад Менскам ён ужо пабываў у Лёндане і Кіеве, пасьля наведае Нур-Султан (Казахстан) і Ташкент (Узбэкістан).

Спачатку плянавалася, што Пампэо прыляціць у Беларусь раней: 4 студзеня. Аднак усё эўрапейскае падарожжа давялося адкласьці з прычыны падзей у Іране.

Майк Пампэо ў менскім аэрапорце, 1 лютага 2020

Анансуючы візыт, Дзяржаўны дэпартамэнт адзначыў, што яго мэта — «падкрэсьліць прыхільнасьць ЗША сувэрэннай, незалежнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі і пацьвердзіць нашае жаданьне нармалізаваць нашыя двухбаковыя адносіны».

Майкл Пампэо — другі за гісторыю дзяржаўны сакратар ЗША, які наведвае Рэспубліку Беларусь. Да яго на пачатку 1990-х у Беларусь прыяжджаў Уорэн Крыстафэр. Але гэта ня самыя высокапастаўленыя амэрыканскія госьці ў гісторыі Беларусі: у 1994 годзе Беларусь наведаў прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан.

17 верасьня мінулага году ў Беларусь прыляцеў намесьнік дзяржаўнага сакратара Дэвід Гэйл. На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ён абвясьціў пра рашэньне вярнуць у Беларусь амэрыканскага амбасадара.

Як разьвіваліся адносіны Беларусі і ЗША. Галоўнае

  • ЗША прызналі Беларусь у 1992 годзе.
  • У 1994 годзе ЗША, разам зь Вялікай Брытаніяй і Расеяй, падпісалі Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі для Беларусі ў абмен на перадачу Беларусьсю ядзерных узбраеньняў Расеі.
  • Прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан быў зь візытам у Беларусі ў 1994 годзе, падчас візыту ён наведваў Курапаты.
  • Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ніводнага разу ня быў з афіцыйным візытам у ЗША.
  • Таваразварот гандлю паміж Беларусьсю і ЗША ў 2018 годзе склаў 711 мільёнаў даляраў.
  • Аляксандар Лукашэнка неаднойчы казаў, што без ЗША канфлікт ва Ўкраіне ня можа быць вырашаны.
  • У 2016 годзе кіраўнік Беларусі заяўляў, што прэзыдэнцкія выбары ў ЗША выйграе Дональд Трамп.
  • У 2010-я гады Беларусь была адным са шляхоў невайсковага транзыту грузаў для амэрыканскай вайсковай групоўкі ў Аўганістане.
  • У ЗША ў 2004 годзе быў прыняты закон «Акт аб дэмакратыі для Беларусі», які абмяжоўвае гандаль паміж дзьвюма краінамі і забараняе ўраду ЗША галасаваць у міжнародных фінансавых арганізацыях за выдзяленьне Беларусі крэдытаў.
  • З 2006 году адносна беларускіх чыноўнікаў дзейнічаюць амэрыканскія візавыя санкцыі.
  • У 2007 годзе ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі адносна прадпрыемстваў беларускага канцэрну «Белнафтахім».
  • У 2008 годзе Менск запатрабаваў ад‘езду з краіны пасла ЗША Карэн Ст’юарт.
  • Адначасова штат амбасады быў скарочаны з 35 супрацоўнікаў да пяці.
    З таго часу і дагэтуль ЗША ў Беларусі і Беларусь у ЗША прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных.

11 год без амбасадараў. Як мяняліся дыпляматычныя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю

  • У 2015 годзе ЗША віталі вызваленьне палітвязьняў у Беларусі і высілкі Менску па спрыяньні ўрэгуляваньню канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.
  • У 2015 годзе ўлады ЗША прыпынілі дзеяньне эканамічных санкцый адносна Беларусі. У далейшым дзеяньне санкцый прыпынялася кожныя паўгода.
  • У 2019 годзе Менск і Вашынгтон дамовіліся аднавіць паўнавартасныя дыпляматычныя адносіны.

Аляксандра Дынько

Журналістка Радыё Свабода

https://www.svaboda.org/a/30411444.html

Последние новости