shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Экономика

09.10.2018 19:08

817 просмотров

0 комментариев

У Шуміліне прайшоў традыцыйны восеньскі кірмаш (шмат фота)

У мінулую суботу 6 кастрычніка цэнтральная плошча раённага цэнтра па вуліцы Кароткіна ператварылася ў кірмаш, галоўным таварам якога традыцыйна з’яўляецца гародніна і садавіна. Гараджан і гасцей горада сустракалі гандлёвыя палаткі і машыны арганізацый раёна, прадпрыемстваў і фермерскіх гаспадарак. Таксама прыватныя гаспадары, якія прывезлі на продаж лішкі вырашчанай на сваіх участках прадукцыі, была нават выгадаваная жыўнасць.

Непагадзь у ноч з пятніцы на суботу ледзь не сарвала шумілінцам і гандлярам кірмаш. Аднак раніцою восеньскі дожджык паступова спыніўся, і працаўнікі сяла ўжо з 7 гадзін пачалі абсталёўваць свае гандлёвыя месцы.


У Шуміліна з’ехаліся гандляры з Полацка, Наваполацка, нават далёкія — Століна, Брэста і Мінска. Адразу з 8 гадзін раніцы пайшоў наплыў пакупнікоў, які адразу стварылі натоўп каля машын са збожжам, бульбай, іншай агароднінай, садавінай, мясам, саладосцей, выпечкі і мясных вырабаў — выбар і на гэты раз быў даволі багаты.


Што набывалі шумілінцы на кірмашы? Многіх цікавіла бульба і зерне, якія куплялі адразу цэлымі мяхамі. Бо менавіта «дэмакратычны» кошт дазваляў гэта зрабіць без урону для свайго кашалька. У сярэднім прапаноўвалі «другі хлеб» па 30 капеек за кілаграм.


На дзіва хутка гаспадаркі раёна распрадалі зерне, бульбу і дровы. Так, зерне бралі прама з грузавікоў мяхамі. Да прыкладу, «Прыазёрны мір» за лічаныя хвіліны збыў 80 мяхоў ячменя па 12 рублёў за адзін мех і 20 мяхоў аўса па 10 рублёў. Шпаркімі тэмпамі пазбавіліся свайго зерня «Баравінка» і Ульскі", бадай што да 8 гадзін раніцы з зерневых культур застаўся толькі авёс. Прынамсі, зерне заўсёды на кірмашах восеню карыстаецца попытам, як вядома, многія шумілінцы і жыхары з населеных пунктаў раёна гадуюць жывёлу і птушку на сваіх падворках.

Бульбу прапаноўвалі: прыватны гаспадар з Мішкавічаў па 10 рублёў за сетку, СФГ «Раднік» паставіла на кірмаш дзве тоны бульбы па 35 капеек за кілаграм, фермер з Бешанковічаў ацаніў яе па 12 рублёў за сетку. Сялянска-фермерская гаспадарка «Раднік» выставіла кошты на бульбу: 35 капеек за 1 кг і на проса —50 капеек за кг.


За грузавік колатых дроў (5 метраў кубічных) Шумілінская жыллёва-камульная гаспадарка прасіла 220 рублёў, а за трактарны прычэп ствалоў памерам у 4 метры (усяго 6,8 кубоў) — 190 рублёў.

Да таго ж у камунгасе можна было набыць шчыты для плота 1 м*3 м, адзін пралёт коштам у 35, 12 рублёў, стаўбы 1,5 м. па 31, 77 руб., панэль ЖБІ суцэльная 1 шт. па 32,20 руб. і панэль дэкаратыўная 1 шт. по 31, 65 руб, — што і казаць, дарагавата для мясцовага люду са сціплымі заробкамі ў раёне.

Танна каштавалі толькі штапікі 1,5 м. па 0,60 руб. ды мётлы банныя па 2 рублі.

А вось дэкаратыўны пасадачны матэрыял, які прывёз Шумілінскі лясгас — саджанцы ядлоўцу, піхты, кіпарысавіка — амаль не разыходзіўся, хіба што ўдала прадалі мёд.


Самы вялікі натоўп сабраўся каля машыны з гароднінай арганізацыі РУП «Віцебскэнерга» філіял «Вясна-Энерга».

Да самага апоўдня шумілінцы разбіралі танную гародніну: памідоры ад 34 капеек за кілаграм да 1,79 рублёў за кг., агуркі — 1,65, бульба — 0,33, буракі —0,43, морква — 0,42, капуста белакачанная — 0,62, капуста чырвонакачанная — 0,55, баклажаны — 3,85. Некаторыя пакупнікі бралі танныя памідоры адразу па некалькі скрынак.

Відавочна, што менавіта такія танныя памідоры і вызвалі ажыятаж сярод жыхароў райцэнтра.


Прыватнікі з Брэста і Століна таксама ўдала збывалі тут сваю прадукцыю. Шумілінцы ў іх набывалі капусту па 50 капеек за 1 кг., цыбулю па 70 капеек, моркву па 60 капеек, зялёны перац па рублю, нават грэцкія арэхі.

Сваю гародніну прывезлі на продаж школы і сельсаветы. Імправізаваныя дворыкі школ, дзіцячых садкоў і культурных устаноў раёна вабілі нацыянальным беларускім каларытам і характэрным кірмашовым убраннем.

Тут на плошчы паставілі сталы Шумілінская сярэдняя школа № 2, Шумілінскія яслі —сад, Шумілінская раённая гімназія, Дом рамёстваў. Гандляркі раённага аддзела адукацыі прадавалі яблыкі, перац, часнок, буракі і кабачкі. Дарэчы, пяцілітровае вядзерца вінаграду можна было купіць усяго за 1,6 рублі.


У прыватнага прадпрымальніка Васіля Мацуганава можна было набыць мяса і мясныя вырабы — сала, свініну, каўбасу хатнюю, падсілкавацца прысмакамі, сагрэцца духмянай поліўкай з грыбамі, чаем і кавай.

Каля яго дворыка таксама смажылі шашлыкі. А гаспадыні з Дома рамёстваў на кірмашы частавалі гасцей смажанымі дранікамі.


Розны асартымент таннага абутку прывезлі прыватныя гандляры. Кошты на асеннія боцікі былі ад 20-35 рублёў да 50-ці.

Панчошна-шкарпэтачныя вырабы прадвала прадпрыемства «Васіліна» з Віцебска, па акцыі мужчынскія і жаночыя шкарпэткі каштавалі ад 0,85 капеек да 1,30.

Ахвотна цікавіліся пакупнікі саджанцамі пладовых дрэў і кустоў, які заўсёды як восенню, так і вясною карыстаюцца попытам у шумілінцаў.

Цэны і на гэты раз былі прымальныя, да прыкладу «Лужаснянская сартавая выпрабавальная станцыя» прапановала наступныя саджанцы пладовых дрэў: яблыня — 7,0 рублёў, сліва —10 руб. груша — 10 руб, алыча — 10 руб., чарэшня — 15 руб., вішня — 15 руб., парэчкі чорныя — 4,0 руб., парэчкі чырвоныя — 3,0 руб., маліна — 3,0 руб., ажына — 2,0 руб.



За пакупкамі запрашалі не толькі гандляры, але і самадзейныя артысты, якія весялілі прысутных песнямі.



Варта дадаць, што ў гэты суботні дзень наведвальнікаў восеньскага кірмашу было дастаткова многа. І нават можна было пачуць меркаванні наконт яго арганізацыіі ад раённага начальства. Адным пакупнікам усё прыйшлося даспадобы, іншыя засталіся чымсьці незадаволеныя.

Таму перад прысутнымі выступіў выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама Алег Быкаў, які сказаў, што кіраўніцтва ўважліва вывучыла попыт і прапановы насельніцтва на кірмашы і нават прынёс прабачэнні тым пакупнікам, якім не хапіла ў гэты дзень зерня. Кіраўнік паабяцаў, што абавязкова ўлічыць пажаданні ўсіх тых, для каго, уласна і працуюць вытворцы і нарыхтоўшчыкі. А ў наступныя выхадныя на цэнтральны рынку Шуміліна сельгаспрадпрыемствы будуць абавязкова гандляваць зернем, каб усе тыя, хто хацеў зрабіць на зіму запасы,знайшоў гэты самы на сёння запатрабаваны тавар.

Тэкст і фота Алеся Шумскага.

Последние новости