shumilina.by

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Шумилино Экономика

30.07.2020 16:09

224 просмотра

0 комментариев

Што з эканомікай у рэгіёнах, дзе пікеты Ціханоўскай зьбіралі найбольш людзей

На пікеты Сьвятланы Ціханоўскай у рэгіёнах выходзіла рэкордная для гэтых месцаў колькасьць людзей. Глядзім на лічбах, як жывуць людзі ў гэтых краях. Падчас мітынгаў Сьвятланы Ціханоўскай у розных гарадах Беларусі людзі найбольш гаварылі пра эканамічныя праблемы: нізкія заробкі, адсутнасьць пэрспэктыў разьвіцьця. Свабода паглядзела, што з эканомікай у гэтых гарадах і раёнах паводле афіцыйнай статыстыкі.

Агітацыйны пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Гомлі, 26 ліпеня 2020 году

Наваполацак: 2000 на мітынгу

У адным з прамысловых цэнтраў краіны — Наваполацку — на пікет Сьвятланы Ціханоўскай 24 ліпеня сабраліся ад 2 да 3 тысяч чалавек, паводле падлікаў назіральнікаў і праваабаронцаў. Гэты горад дае 45% ад усёй прамысловай вытворчасьці Віцебшчыны. Асноўныя галіны — нафтаперапрацоўка і вытворчасьць нафтапрадуктаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Наваполацку прайшоў мітынг Сьвятланы Ціханоўскай. Арганізатары кажуць пра некалькі тысяч удзельнікаў

У Наваполацку жывуць 98,8 тысячы чалавек. Зь іх маюць працу, «занятыя ў эканоміцы», 45 тысяч чалавек. Чыстыя страты ўсіх арганізацый гораду за першыя 5 месяцаў гэтага году — 42 мільёны рублёў, а летась за такі ж час быў прыбытак у 60 мільёнаў, падлічвае Белстат.

Асноўнай прычынай страт экспэрты называюць праблемы нафтаперапрацоўчай галіны — адсутнасьць паставак нафты з Расеі і недазагружанасьць нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мінус 8,9 мільярда рублёў у параўнаньні зь мінулым годам. Як беларускія прадпрыемствы працуюць ва ўмовах пандэміі

У горадзе 11% стратных арганізацый, агулам у арганізацый гораду пратэрмінаваных даўгоў на 14,9 мільёна. За год даўгі вырасьлі больш як на мільён. За пяць месяцаў гораду ўдалося прыцягнуць замежных інвэстыцый на 3,4 мільёна даляраў.

Ворша: 3000 чалавек на мітынгу

25 ліпеня прайшоў перадвыбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Воршы, па падліках арганізатараў яго наведалі 3 тысячы чалавек. Усяго ў Воршы жыве 115,9 тысячы.

У Аршанскім раёне маюць працу, то бок «занятыя ў эканоміцы» паводле Белстату, 61,3 тысячы чалавек. Афіцыйна беспрацоўных у раёне толькі 0,4%. Сярэдні заробак у рэгіёне — 947,7 рубля. За першыя 5 месяцаў гэтага году ўсе арганізацыі раёну спрацавалі з чыстым прыбыткам у 218,7 мільёнаў рублёў, гэта ў 6 разоў больш, чым за такі ж пэрыяд летась.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская ўпершыню выступіла перад тысячамі прыхільнікаў па-беларуску. Як прайшоў пікет у Воршы

У рэгіёне 8,5% стратных арганізацый, а агульная пратэрмінаваная запазычанасьць арганізацый 148,4 мільёна рублёў.

За першыя 5 месяцаў гэтага году раён прыцягнуў 10,9 мільёна даляраў замежных інвэстыцый.

Рэчыца: 3000 чалавек на мітынгу

Для Рэчыцы з насельніцтвам у 65 тысяч такая колькасьць на мітынгу — рэкорд. Гэты горад на Гомельшчыне Сьвятлана Ціханоўская з паплечніцамі наведалі 26 ліпеня. У Рэчыцкім раёне маюць працу 41,9 тысячы чалавек. Афіцыйны ўзровень беспрацоўя — усяго 0,2%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як праходзіў мітынг Ціханоўскай у Рэчыцы. ФОТАГАЛЕРЭЯ

За пяць месяцаў сёлета ўсе арганізацыі раёну спрацавалі з прыбыткам у 1,9 мільёна рублёў. Гэта ў 14,7 раза менш, чым усе арганізацыі зарабілі за такі ж пэрыяд летась.

У раёне 20% стратных арганізацый, агульная пратэрмінаваная запазычанасьць усіх арганізацый 69,6 мільёна рублёў. За пяць месяцаў гэтага году арганізацыі раёну змаглі прыцягнуць замежных інвэстыцый на 143,3 тысячы даляраў.

Бабруйск: 6000 чалавек на мітынгу

На перадвыбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай у Бабруйску прыйшлі 6 тысяч чалавек. Для горада з насельніцтвам у 212 тысяч чалавек гэта таксама рэкорд.

У Бабруйску 86,6 тысячы чалавек занятыя ў эканоміцы. Афіцыйны ўзровень беспрацоўя — 0,5%. Сярэдні заробак — 930 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Бабруйску на пікет Ціханоўскай сабралася рэкордная колькасьць людзей

За першыя 5 месяцаў гэтага году ўсе арганізацыі Бабруйску спрацавалі са стратамі ў 97,2 мільёна рублёў, а летась за такі ж пэрыяд зарабілі 5,7 мільёна.

У горадзе 28% арганізацый стратныя, пратэрмінаваная запазычанасьць арганізацый — 130 мільёнаў рублёў. За паўгода гораду ўдалося прыцягнуць 3,4 мільёна даляраў замежных інвэстыцый.

Віцебск: 8000 на мітынгу

24 ліпеня ў Віцебску прайшоў пікет Сьвятланы Ціханоўскай, паводле СМІ і назіральнікаў ён сабраў да 8 тысяч чалавек, што для Віцебску абсалютны рэкорд. У абласным цэнтры Віцебшчыны жывуць 364 тысячы чалавек, зь іх маюць працу 159 тысяч.

За першыя пяць месяцаў сёлета арганізацыі Віцебску спрацавалі з прыбыткам у 112 мільёнаў рублёў, летась за такі ж пэрыяд арганізацыі зарабілі ўдвая болей. У горадзе 22% стратных арганізацый, а летась было толькі 13%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Віцебску людзі запоўнілі парк Чыгуначнікаў перад прыездам Ціханоўскай. ФОТА

Па пратэрмінаваных крэдытах арганізацыі гораду вінаватыя 197,8 мільёна рублёў. Але і самім арганізацыям завінаваціліся за прадукцыю (дэбіторская запазычанасьць) 407 мільёнаў. Гэта значыць, на гэтую суму ў арганізацый закупілі прадукцыі, але не разьлічыліся. За пяць месяцаў горад прыцягнуў 18,2 мільёна даляраў замежных інвэстыцый.

Гомель: больш за 10 000 на мітынгу

Абсалютны рэкорд у колькасьці людзей на мітынгу за Сьвятлану Ціханоўскую пакуль за Гомлем. На радзіме мужа Сьвятланы Сяргея Ціханоўскага, які цяпер за кратамі, падтрымаць альтэрнатыўны трыюмвірат 27 ліпеня прыйшлі ня менш за 10 тысяч чалавек. Нават у двухмільённым Менску столькі не сабралася (на першы мітынг прыйшло каля 7 тысяч).

У Гомлі жыве пад паўмільёна чалавек, зь іх занятыя ў эканоміцы 226 тысяч, менш за палову. Афіцыйны ўзровень беспрацоўя — 0,2%.

Чысты прыбытак усіх арганізацый гораду за 5 месяцаў гэтага году 21,8 мільёна рублёў, гэта ў 15 разоў менш, чым за такі ж пэрыяд летась.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская ў Гомлі: «Улады не ўлічылі, што за кожным моцным мужчынам стаіць моцная жанчына»

16% арганізацый гораду стратныя. Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць — амаль 320 мільёнаў рублёў.

За першыя 5 месяцаў сёлета арганізацыям Гомля ўдалося прыцягнуць 29 мільёнаў даляраў замежных інвэстыцый.

Адно з асноўных прадпрыемстваў — «Гомсельмаш», які вырабляе камбайны. У першым квартале гэтага году выраб камбайнаў зьмяншаецца. Мінулы год «Гомсельмаш» завяршыў са стратамі ў 30,8 мільёна рублёў.

https://www.svaboda.org/a/30757006.html

Последние новости